Без інцыдэнтаў


Для забеспячэння аховы грамадскага парадку, захавання патрабаванняў пажарнай і радыяцыйнай бяспекі ў мерапрыемствах па правядзенню Радаўніцы на адселеных тэрыторыях былі задзейнічаны ўвесь персанал ПДРЭЗ, аддзяленне па ахове тэрыторый радыяцыйнага забруджвання Хойніцкага РАУС, супрацоўнікі базы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Агульны кантроль за выкананнем пастаўленых задач ажыццяўляла Адміністрацыя зон адчужэння і адсялення. І сёння можна з упэўненасцю канстатаваць, што ўсе падраздзяленні ў дні Радаўніцы спрацавалі дакладна і зладжана.

Грамадзянам, якія прыехалі з-за межаў раёна, уезд у зону адчужэння і адсялення быў дазволены з 8 да 17 гадзін ужо з 25 красавіка.

Уезд ажыццяўляўся без прапускоў, рэгістрацыя прыбыўшых вялася ў спецыяльных журналах. У адпаведнасці з іх данымі на тэрыторыі ПДРЭЗ у дні Радаўніцы было зарэгістравана 817 аўтамабіляў і 2756 чалавек. А ўсяго, з улікам наведвання тэрыторый, якія не ўваходзяць у склад запаведніка (Амелькаўшчына, Рудыя, Чахі і г.д.),  у зонах адсялення і адчужэння на Радаўніцу пабывала больш за 3 тысячы чалавек на, прыблізна, тысячы аўтамабілях.

Дзякуючы належнай арганізацыі ўсе запланаваныя мерапрыемствы прайшлі ў адпаведнасці з распрацаваным планам, без інцыдэнтаў і надзвычайных здарэнняў. Важна і тое, што абышлося без пажараў, хаця ў тыя дні стаяла сухое, а таму пажаранебяспечнае надвор’е. А гэта значыць, што і людзі, якія пабывалі ў зоне, паводзілі сябе ўважліва і адказна.


Я. КРАЎЧАНКА,галоўны спецыяліст Адміністрацыі зон адсялення і адчужэння па Хойніцкаму раёну.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *