Надышла чарга кукурузы

Сельское хозяйство

Наш раён размешчаны на самым поўдні Беларусі, і гэтая геаграфічная акалічнасць непасрэдным чынам уплывае на тэрміны выспявання сельскагаспадарчых культур. Сваёй стадыі спеласці яны дасягаюць раней, чым такія ж пасевы ў больш паўночных рэгіёнах нашай краіны. Не з’яўляецца выключэннем і кукуруза, якая ў стадыю васковай спеласці ў гэтым годзе ўвайшла значна раней, чым у папярэднія. Каталізатарам гэтага працэсу ў ліку іншых фактараў стала і спякота пачатку жніўня.



Гэты і іншыя факты адзначаліся ў ходзе знаходжання на мінулым тыдні з рабочым візітам у нашым раёне міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Л.К. Зайца. А таму рашэнне аб пачатку ўборкі кукурузы на сілас і на зерне з першых дзён гэтага тыдня выглядае апраўданым і лагічным.
Старту ўборачнай кукурузы папярэднічаў і традыцыйны семінар, які прайшоў у мінулы аўторак на базе сельгаспрадпрыемства «Аравічы». На ім кіраўнікі гаспадарак, прадстаўнікі інжынерных служб і механізатары яшчэ раз абмеркавалі нюансы і тонкасці ўборкі кукурузы на зерне  і сілас, азнаёміліся з тэхналогіяй плюшчэння кукурузнага зерня і запампоўкі яго ў 60-тонныя рукавы, у якіх яно  і будзе потым захоўвацца.



Старшыня раённага выканаўчага камітэта А.І. Ціток звярнуў увагу на тое, што пачынаць уборку кукурузы на сілас можна тады, калі не менш трэцяй часткі зерня ў пачатках дасягне стадыі васковай спеласці, на зерне – калі сам пачатак абвяне і ён ужо не будзе так акрэслена накіраваны ўверх, а расліна проста перастане сілкаваць яго. Аптымальнай вільготнасцю для ўборкі кукурузы з’яўляецца 28%, але ўборку весці можна ўжо і пры вільготнасці ў 40 працэнтаў. Пры гэтым трэба ўлічваць нераўнамернасць выспявання пасеваў, таму рэкамендавана ў першую чаргу ўбіраць участкі з больш сухімі раслінамі, абыходзячы да пэўнага часу яшчэ зялёныя ўчасткі (звычайна – у нізінах), вызначыць якія можна і візуальна.



Акрамя таго, Аляксандр Іванавіч падкрэсліў, што ў гэтыя жнівеньскія дні трэба максімальна сканцэнтравацца на ўборцы кукурузы як на сілас, так і на зерне. І зрабіць у гэтым напрамку зараз як мага больш з тым, каб не разрывацца потым, калі надыдзе час займацца спачатку сяўбой азімага рапсу, а потым – і азімых збожжавых.
Месца правядзення семінара было выбрана не выпадкова – у «Аравічах» ужо накоплены немалы станоўчы вопыт вырошчвання гэтай каштоўнай культуры. Да яе ўборкі тут прыступілі аднымі з першых у раёне, не чакаючы ўказанняў зверху. Уборку кукурузы на зерне і на сілас вядуць па два экіпажы збожжа- і кормаўборачных  камбайнаў, аснашчаных спецыяльнымі прыстаўкамі. На здымку адзін  з гэтых экіпажаў у складзе Сяргея Іванавіча Мастабая і Віктара Мікалаевіча Сінгаеўскага.
Па стану на 16 жніўня тут ужо ўбрана 48 гектараў (з 600 га) кукурузы на зерне і 117 гектараў (з 1300 га) кукурузы на сілас.
Па раёну гэтыя лічбы выглядаюць так: кукуруза на зерне – убрана 138 гектараў (план – 2570 га), кукуруза на сілас – 667 гектараў (план – 7821 га).



Віктар НАЗАРАНКА.
Фота аўтара.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *