З усмешкай лягчэй ісці па жыцці

Сельское хозяйство

Яна прыйшла на веляцінскую ферму, якую ў народзе завуць «карусель», у 2002 годзе, адразу пасля заканчэння школы. І з таго часу, вось ужо сямнаццаць гадоў, працоўная біяграфія Вольгі Шпарун звязана з малаком.

Якая тытанічная праца крыецца за гэтымі лічбамі! За гэтымі сямнаццаці гадамі. З дня ў дзень, з году ў год, часам без святочных дзён, з крыкамі першых пеўняў устае і ідзе на ферму, а вяртаецца тады, калі на небе запальваюцца зоркі. Але як бы складана ні было, ніколі не скардзіцца на лёс, ды і не ўяўляе сябе ўжо ў іншай справе. Хаця з дзяцінства марыла стаць правадніцай.

Сваіх сыноў, шаснаццацігадовага Мікіту і трынаццацігадовага Арсенія, бачыць у перапынках паміж даеннем кароў. Таму яны, як і большасць сельскіх дзяцей, растуць самастойнымі і працавітымі, у кожнага ёсць свае абавязкі па хатняй гаспадарцы. Хаця старэйшы цяпер вучыцца ў Гомельскім ліцэі рачнога флоту, але па-ранейшаму застаецца надзейным памочнікам клапатлівай матулі.

Толькі чалавек, прывучаны з дзяцінства да цяжкай фізічнай работы, можа праца- ваць у жывёлагадоўлі так, як атрымліваецца гэта ў маладога аператара машыннага даення. Нарадзілася і вырасла ў сям’і, дзе дзяцей рана прызвычаілі да сельскай працы. Два яе браты – трактарысты, яны жывуць у Крыму – на радзіме Вольгі. А з сястрой Наталляй яны разам працуюць на Пудакоўскім малочна-таварным комплексе. Толькі гэта па-за фермай яны сёстры, а на працы начальнік і падначаленая.

Вольга Шпарун заўсёды ў ліку лепшых даярак, і не толькі ў роднай гаспадарцы, але і ва ўсім раёне. Утрымлівае шмат гадоў лідзіруючыя пазіцыі дзякуючы невычэрпнай працавітасці. На палове шляху ніколі не спынялася, гэта не ў яе характары. У гэтым годзе на раённых «Дажынках» яе ўшаноўвалі, як лепшую даярку ў раёне.

Задаю «збітае» пытанне, аб тым, як прызвычаіцца да такога няпростага працоўнага графіку. На што суразмоўца з гумарам адказала: «Да ўсяго прывыкаеш. Прачнуўся ў 3.50, а ў чатыры гадзіны машына за табой прыехала. Хутка апрануўся, а калі што не паспела – з сабой у кішэню ўзяла. Нават у выхадны дзень рана падымаемся, бо калі паляжыш болей, арганізм пачынае канючыць».

Акрамя таго, Вольга трымае хатнюю гаспадарку і па ёй паспявае завіхацца. А кожную вольную хвіліну прысвячае дзецям. Гэта яе гонар, любоў і надзея. Яе любімае свята – дні нараджэння дзяцей. А на пытанне аб тым, як сустракае Новы год, адказвае лаканічна: «Хутка». Яно і зразумела, бо раніцай трэба зноў спяшацца да любімых каровак. А яшчэ Вольга любіць восень за прыгожы танец лісця, падарожжы на цягніку і тэлеперадачу «Экстрасэнсы». Простая і адначасова зусім не простая жанчына. Таму што цвёрды валявы характар, працавітасць, спагадлівасць не дазваляюць ёй зламацца. І пры ўсіх цяжкасцях яна абаяльная, чулая і пяшчотная. Нездарма, сваю любімую карову на ферме яна назвала Усмешкай. З усмешкай лягчэй ісці па жыцці.

Тэкст і фота Наталлі РЭВЯКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *