Аддалі даніну памяці, паразважалі аб будучым

Образование

У краіне з размахам адзначылі адразу два гістарычныя святы – 95 гадоў камсамола і паўстагоддзя студатрадаўскага руху. У Мінску гэтым падзеям прысвяцілі грандыёзны маладзёжны форум «Маладосць. Традыцыі. Будучыня». Аналагаў падобнага ў краіне яшчэ не было. Удзельнікамі форуму сталі больш за 700 чалавек, у ліку якіх ветэраны камсамола, былыя сакратары ЦК ВЛКСМ, вядомыя дзяржаўныя і грамадскія дзеячы БССР і СССР, прадстаўнікі сённяшняга маладога пакалення. У складзе дэлегацыі Гомельскай вобласці на маштабных мерапрыемствах пабывала першы сакратар Хойніцкага раённага камітэта грамадскага аб’яднання «БРСМ» Анастасія Ціханенка. Мы папрасілі яе падзяліцца ўражаннямі ад паездкі.



– Усе мерапрыемствы былі відовішчнымі, змястоўнымі і вельмі цікавымі. Гэтыя юбілеі, камсамола і студатрадаўскага руху, – добрая нагода не толькі аддаць даніну памяці і павагі мінуламу, але і паразважаць пра будучыню, пра сувязь пакаленняў. У маладзёжным форуме «Маладосць. Традыцыі. Будучыня» прыняў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Кіраўнік краіны дзяліўся з аўдыторыяй сваімі думкамі наконт трох асноўных тэм – працы, ведаў і патрыятызму. Ён падтрымаў ідэю аб’явіць маладзёжнай будоўляй узвядзенне Беларускай АЭС і прапанаваў абвясціць 2015 год у Беларусі Годам моладзі.
Была падрыхтавана выстава, прысвечаная развіццю маладзёжнага і студатрадаўскага руху. Прадстаўнікі добраахвотніцкіх атрадаў у гутарцы з Прэзідэнтам расказалі пра жаданне стварыць маладзёжна-патрыятычны цэнтр на базе Брэсцкай крэпасці з мэтай аб’яднання ўсіх добравольцаў краіны.
Дарэчы, у студатрадаўскім руху з’явіліся новыя накірункі. Напрыклад, сервісныя атрады праваднікоў, якія ў летні перыяд абслугоўвалі пасажыраў цягнікоў. Свае навыкі яны прадэманстравалі і Аляксандру Рыгоравічу, падаўшы яму чай у імправізаваным купэ.



Напэўна, найлепшая сувязь часоў і пакаленняў выявілася ў той момант, калі беларускаму лідару нечакана для яго ўручылі нумар маладзёжнай газеты «Знамя юности», які датаваны 1972 годам. Там у адным з артыкулаў гаворыцца пра дзейнасць Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў складзе студэнцкага атрада.
Да таго ж, Прэзідэнт узгадаў праект БРСМ «100 ідэй для Беларусі» і даручыў Акадэміі навук і Ураду адабраць з дзесятак самых перспектыўных ініцыятыў, якія можна пачаць рэалізоўваць у самы бліжэйшы час.



Для ўдзельнікаў і гасцей форуму была падрыхтавана канцэртная праграма з удзелам артыстаў беларускай эстрады.
А яшчэ на плошчы Дзяржаўнага Сцяга адбылося закрыццё трэцяга працоўнага семестра і ўшаноўванне лепшых студэнцкіх атрадаў. Вызначаныя ў дзевяці намінацыях пераможцы атрымалі граматы і прызы.
Я рада была сустрэцца са сваімі калегамі, пагутарыць, падвесці вынікі работы нашага грамадскага аб’яднання, абазначыць планы на будучыню. Цяпер мы з новымі сіламі будзем працаваць на дабрабыт нашай краіны.



Запісала Наталля ЧЭКАН. 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *