Беларусь турыстычная: Белавежская пушча, Камянецкі раён, Брэсцкая вобласць

Беларусь турыстычная Наши проекты

18 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін (ЮНЕСКА).

На тэрыторыі Беларусі ў лік помнікаў Сусветнай культурнай спадчыны ўключаны Мірскі замак (2000 г.) і Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс (2005 г.), сярод сусветных помнікаў прыроднага значэння геадэзічная дуга Струвэ (2005 г.) і Белавежская пушча (1979 г., 1992 г.).

Апошнюю славутасць некалькі разоў наведвала Валерыя Захарык, і вось якія ўражанні яна адтуль прывезла:

– У першую чаргу ўражваюць маштабы: плошча – 150 тыс. га, флора – 1024 відаў, фауна – 12000 відаў, лес – 117 тыс. га. Тут сапраўды ёсць што паглядзець! Вельмі прыгожа! У апошні раз я ездзіла туды з сям’ёй на машыне. Нягледзячы на тое, што шлях не блізкі, дарога праляцела непрыкметна. Занятак тут кожны знойдзе да спадобы – гэта можа быць наведванне музея прыроды (дарослы білет 4 рублі), дэманстрацыйных вальераў (3 рублі), аглядная экскурсія па Белавежскай пушчы з наведваннем Музея народнага побыту і старадаўніх тэхналогій (10 руб.), экскурсія па Рэзідэнцыі Дзеда Мароза (10 руб.) ці нават адправіцца ў фотатур. Для дзяцей, вядома, квіткі каштуюць танней.

На тэрыторыі Белавежскай пушчы працуе рэстаран, тры кафэ і закусачная, так што галоднымі вы дакладна не застанецеся. Тут можна прадэгуставаць стравы з дароў пушчынскага лесу: дзічыны, грыбоў, ягад. Вельмі смачны знакаміты чай на травах. Для жадаючых спыніцца на некалькі дзён ёсць гасцініцы. Увогуле ўсё прадугледжана для турыстаў. Адпачывайце – і атрымлівайце асалоду ад прыгажосці прыроды. Там такое паветра, такі спакой, унікальная магчымасць убачыць паблізу жывёл…

Вядома, асаблівай папулярнасцю карыстаецца Рэзідэнцыя Дзеда Мароза, асабліва напярэдадні Новага года. Я там была, вельмі спадабалася. Асабліва скарбніца, дзе захоўваюцца падарункі, малюнкі і лісты дзяцей, а таксама чароўны млын, у якім можна «перамалоць» свае дрэнныя ўчынкі. На навагоднія святы тут сапраўды пануе чароўная атмасфера.

Але наогул Белавежская пушча чароўная і неверагодна прыгожая ў любую пару года!

Запісала Вікторыя Капітан, юнкар. Фота з сайта npbp.by



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *