Я люблю Беларусь!


Бягучы год аб’яўлены ў нашай краіне Годам гасціннасці. Вось і мы гасцінна віталі ў сценах нашай школы класных кіраўнікоў раёна, якія сабраліся на семінар па грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню школьнікаў.



Гэты напрамак выхавання з’яўляецца адным з галоўных у нашай школе ў 2013/2014 навучальным годзе. Вучні ўжо з першага класа ахвотна прымаюць удзел у мерапрыемствах у рамках акцыі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!». У гэтым змаглі пераканацца і нашы госці. Яны папрысутнічалі на тэматычнай інфармацыйнай гадзіне «Наш герб і наш сцяг – сімволіка свабоды», якую сумесна падрыхтавалі  класныя кіраўнікі і вучні  4-6 класаў. Рабяты прадэманстравалі добрае валоданне беларускай мовай, артыстызм і, наогул, шчырую любоў да сваёй Радзімы. Затым нашых гасцей запрасілі да сябе на «Вячоркі» настаўнікі і вучні 1-3 класаў. Як жа весела і цікава было на гэтым свяце! Дзеці спявалі, танцавалі, гулялі ў гульню, жартавалі, частавалі гасцей – усё адбывалася, як на сапраўдных вячорках.



А потым нашых гасцей чакала шоу-праграма «Я люблю Беларусь!» – аналаг тэлевізійнай, у якой прынялі ўдзел вучні старэйшых класаў. Дзве каманды паказалі добрыя веды ў галіне беларускай мовы і літаратуры, беларускай музыкі і спартыўных дасягненняў беларусаў, у тым ліку і нашых зямлякоў. Перамогу атрымала каманда «Зялёных» на чале з капітанам Яўгенам Прышчэпам. Трэба адзначыць, што выдатна справіўся з абавязкамі вядучага шоу вучань 11 класа Ілля Лапцеў.
На абмеркаванні пытанняў семінара прысутныя выказвалі цёплыя словы падзякі ўсяму дружнаму калектыву нашай школы за самаадданую працу па выхаванню ў вучняў любві і павагі да роднай краіны, якая мае такую прыгожую назву – Беларусь!



І. ЛЯВІЦКАЯ, класны кіраўнік 5 класа Казялужскай СШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *