Беларусь турыстычная: г.п. Лоеў, в. Суткоў

Беларусь турыстычная

Расказвае Любоў Коўзік:

– Каб бліжэй пазнаёміцца з населеным пунктам, ад якога пайшла назва нашай вёскі, а таксама з мэтай патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, з вучнямі нашай школы наведалі Суткоў і Лоеў.

Комплекс былой сядзібы графіні Бараноўскай у в. Пярэдзелка Лоеўскага раёна з’яўляецца помнікам архітэктуры першай паловы 19-га стагоддзя. Ён уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. На дзяржаўным уліку стаіць сядзібны дом, флігель і парк, які з’яўляецца помнікам палацава-паркавай архітэктуры. Сядзібна-паркавая зона складае 5 га. Сядзібны дом – помнік архітэктуры класіцызму. Гэта двухпавярховы будынак, цэнтральная частка якога злучаная зачыненымі галерэямі з аднапавярховымі бакавымі флігелямі. Паміж чатырох калон галоўнага фасада размешчаны шырокі балкон. Парк захаваўся часткова, але захаваў рысы сядзібнага парку эпохі класіцызму.

Першым уладальнікам гэтага маёнтка быў Станіслаў Міхайлавіч Юдзіцкі, удзельнік паўстання Тадэвуша Касцюшкі 1794 года. Пасля таго, як ён адседзеў 7 гадоў царскай катаргі, брат падарыў яму маёнтак Суткоў і некалькі бліжэйшых вёсак. Юдзіцкія і пачалі будаўніцтва гэтага будынка. Дабудоўвалі яго ў пачатку ХІХ стагоддзя Рудзіеўскія. Уладальнікам яго з 1870 быў і Чайкоўскі, у якога праз 10 гадоў дом выкупіла сям’я Аляксандра і Кацярыны Бараноўскіх, якія толькі пажаніліся. З імем Кацярыны Бараноўскай і звязваюць гісторыю маёнтка.
Пад яе кіраўніцтвам былі пабудаваны вадзяны млын, лесапільня, вінакурны завод, закладзены пладовы сад. Укаранілі севазварот, пракапалі каналы для асушэння балот, пашырылі плошчы палёў і лясоў, а таксама закупілі буйную рагатую жывёлу і стварылі малочна-таварную вытворчасць. За свае сродкі яна адкрыла дзьве школы, пабудавала ў вёсцы бальніцу, куды запрасіла працаваць з Масквы маладога і таленавітага лекара Яўгена Клумава. Цяпер яго імя значыцца ў Беларускай савецкай энцыклапедыі, як вядомага вучонага ў галіне хірургіі.

Улада змянялася, маёнтак займалі розныя войскі, ён быў часткова разрабаваны. Графіня пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі з’ехала спачатку ў Чарнігаў, пасля ў Маскву, затым у Італію.

У 1991 годзе Суткоў наведала ўнучка графіні Кэтлін Бараноўская-Барзадзі, якая пражывае ў Канадзе і працуе кінарэжысёрам. У кнізе водгукаў музея Суткоўскай школы яна пакінула такі запіс: «15 мая – вельмі памятны для мяне дзень. Я пабывала ў старадаўнім фамільным доме. Мае бацькі правялі тут шмат шчаслівых гадоў».
У цяперашні час тут знаходзіцца Суткоўская дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа.

Гісторыя ж нашага аграгарадка Судкова пачынаецца ў сярэдзіне XIX стагоддзя, калі памешчык Аўраамаў купіў некалькі сялян у маёнтку Суткоў пад Лоевам, спецыялістаў па вырабе вэнджаніны, і пасяліў іх недалёка ад горада Хойнікі каля маленькага возера. У памяць пра месца нараджэння паселішча было названа Суткова, якое пасля трансфармавалася ў Судкова. Так у спісе населеных пунктаў губерні, выдадзеным ў 1909 годзе, з’явілася вёска пад назвай Судкова.

У Лоеве мы наведалі «Музей бітвы за Днепр». Ён захоўвае матэрыялы, якія раскрываюць гераічныя старонкі фарсіравання Дняпра і вызвалення Лоеўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мемарыяльную пляцоўку баявой тэхнікі, алею Герояў, помнік героям-пагранічнікам 106-й Забайкальскай дывізіі наведалі. У сямі кіламетрах ад Лоева ў в. Крупейкі ў памяць пра падзеі кастрычніка 1943 года ветэраны 65-й арміі ўсталявалі мемарыяльны знак – камень-валун з надпісам: «Тут 15 кастрычніка 1943 гады войскі 65-й арміі 1-га Беларускага фронту фарсіравалі р. Днепр і захапілі плацдарм аператыўнага значэння». Экскурсія закончылася ў в. Дзяражычы ля самай буйной на тэрыторыі Лоеўскага раёна брацкай магілы, у якой пахаваны звыш тысячы салдат і 11 Герояў Савецкага Саюза.

Запісала Вольга БЕЛАШ.
Фота Л. Коўзік і з Інтэрнэту.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *