Беларусь турыстычная: горад Віцебск, Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар»

Беларусь турыстычная

Расказвае Людміла Гаркуша:

– Я паехала на Славянскі базар у Віцебск на два дні. Учора і сёння прымаю ўдзел у мерапрыемствах Дзён моладзі, якія арганізоўвае БРСМ, і атрымліваю асалоду ад цудоўнай атмасферы, якая пануе на ўсіх вуліцах горада. Адзначу адразу, што тут відовішча знойдзецца на любы густ. Вялікая колькасць майстроў, унікальных рэчаў, смачных страў і цікавых падворкаў!

Паколькі з’яўляюся першым сакратаром раённага камітэта ГА «БРСМ», таму, безумоўна, не магла прапусціць святочную праграму, падрыхтаваную нашым саюзам. Кожны год на фестывалі, які аб’ядноўвае тысячы ўдзельнікаў і гледачоў, БРСМ прэзентуе спектр талентаў, уменняў, майстэрства прадстаўнікоў беларускай моладзі з усіх рэгіёнаў краіны.

Сёлета межы Дзён моладзі пашыраны не толькі ў часавай прасторы, але і геаграфічнай. Пляцоўкі размяшчаюцца каля канцэртнай залы «Віцебск» і Летняга амфітэатра. Традыцыйна задзейнічана і плошча Перамогі.

Старт Дням моладзі даў адкрыты дыялог «Супрацоўніцтва і сяброўства моладзі Саюзнай дзяржавы». Упершыню ў праграму свята ўключаны інтэлектуальны open-air «Кветкі Вялікай Перамогі», прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Бадзёрасці духу на ўвесь дзень надаў маладзёжны забег. З самага ранку 150 юнакоў і дзяўчат пераадолелі дыстанцыю ў 2,5 км. Па выніку кожны ўдзельнік забегу ўзнагароджаны медалём, а тройка пераможцаў – каштоўнымі падарункамі.

Сёння, напэўна, самай гучнай у поўным сэнсе гэтага слова стане пляцоўка фестывалю аўтагуку. Шоў па аўтагукавым спорце аб’яднае ўладальнікаў яркіх аўто, у якіх устаноўлена вельмі гучная акустыка.
Спартыўны воркаут-турнір «Наша сіла – 2019», музычны фестываль «Саюз моладзі», выступленне папулярных беларускіх гуртоў «Пачуццё палёту», «NaviBand» і «Без квітка» – чакае шмат уражваючага і запамінальнага.

Эмоцыі неверагодныя, мне тут вельмі падабаецца, усё так ярка, насычана, пазітыўна. Шчыра рада за гамяльчанку Ксенію Галецкую, якая прадстаўляла на «Славянскім базары» Беларусь і стала ўладальніцай Гран-пры і «Залатой ліры» міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск-2019»!

Славянскі базар – гэта свайго роду карнавал мастацтваў, тут атмасфера яднання, сяброўства і братэрства, ёсць магчымасць зносін з цікавымі, творчымі людзьмі з многіх краін. Гэта свята душы, якое застаецца ў памяці надоўга.

Запісала Наталля ЧЭКАН.

Фота з Інтэрнэту.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *