Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася мова

Образование

Ярка, гучна і запамінальна ў СШ № 1 прайшоў раённы конкурс рытарычнага майстэрства «Гавары са мной па-беларуску», які назбіраў дваццаць удзельнікаў 9-11 класаў са ўсіх школ раёна.

Настрой узняўся імгненна, калі вядучыя пачалі размаўляць на роднай мове, загучалі песні на словы беларускіх пісьменнікаў і вершы ў выкананні школьнікаў.

Конкурс праходзіў у два этапы. Першы – мультымедыйнае эсэ, якое складалася з вуснага выступлення вучня на агульную тэму (дамашняе заданне): 9 клас – «Нацыянальнае беларускае адзенне», 10 клас – «Нацыянальныя беларускія стравы», 11 клас – «Нацыянальны беларускі арнамент». Здавалася б, тэмы агульныя для ўсіх, але кожны ўдзельнік здолеў знайсці ў іх сваё, адметнае, не падобнае да іншых, укласці асаблівае разуменне і свае думкі. Другі этап заключаўся ў падрыхтоўцы тэксту вуснага выказвання на адну з прапанаваных тэм. Яго рыхтаваў канкурсант не менш як 15 хвілін.

Па выніках двух тураў пераможцамі сталі: Марыя Астапенка (9 клас, Судкоўская СШ), Ангеліна Казачэнка (10 клас, Глінішчанская СШ), Ганна Калініна (11 клас, Стралічаўская СШ).

Хочацца верыць, што конкурс не прайшоў бясследна, і навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна будуць гаварыць па-беларуску, як сапраўдныя дзеці сваёй Бацькаўшчыны, не толькі ў гэты дзень.

 А. ЯКУНІНА,  метадыст РВМК.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *