Прыгажосць як стыль жыцця


У наш горад Цемірбай Капдзешавіч Курманаў (на здымку) прыехаў у 1998 годзе. Да гэтага ён жыў у Кустанайскай вобласці роднага Казахстана, але так склалася жыццё, што яго дарослая дачка Гуля звязала свой лёс з беларускім юнаком. А калі бацькі ўпершыню пабывалі ў Беларусі, то прывабіла іх палеская зямля, яе непаўторныя краявіды, працавітыя, чулыя і добрыя людзі. Таму і яны таксама вырашылі пераехаць жыць у нашу “сінявокую”.

Гаспадар дома зараз працуе газаэлектразваршчыкам у Хойніцкай цэнтральнай раённай бальніцы, а жонка Ганна Юр’еўна, дачка Гуля і сын Міхаіл асвоілі прафесію аператара газавай кацельні. Звычайная, здавалася б, сям’я. Але гэта толькі на першы погляд. Есць у гэтых людзей, адна агульная рыса, якая выгодна адрознівае іх ад іншых ячэек грамадства. Гэта – цяга да прыгожага і незвычайнага нават у самым паўсядзённым жыцці. Толькі пабачыўшы іх дом, які патанае ў рознакаляровасці кветак і зялёных насаджэнняў, людзі спыняюцца ў захапленні – якая прыгажосць! Франтон дома ўпрыгожвае вялізны гадзіннік, якія некалі можна было пабачыць на многіх фасадах будынкаў дзяржаўных устаноў і які Курманаў выпадкова знайшоў на смеццязвалцы.

Аднак і гэта яшчэ не ўсё: ў сваім двары Цемірбай Капдзешавіч стварыў самае сапраўднае “Лебядзінае возера” – невялікі рукатворны вадаём, які ўпрыгожыў дэкаратыўнымі фігуркамі лебедзяў і штучных рознакаляровых рыбак.

Сваё захапленне гэты чалавек не абмяжоўвае тэрыторыяй уласнага дома. Напэўна ўжо многія хайнічане паспелі ацаніць фантазію майстра па так званай архітэктуры малых форм, якія ўпрыгожваюць і ажыўляюць тэрыторыю бальніцы. Тут і незвычайная металічная пальма, і такое ж беласнежнае лебядзінае сямейства, і робат, выраблены са шнэка збожжападачы.

У далейшых планах майстра яшчэ многа задум і намераў. Так, ужо ў самым бліжэйшым будучым наш горад можа займець сваю Цар-пушку. Не такую, канешне, манументальную, якая ўзвышаецца ў расійскай сталіцы, але  ж і яна можа стаць адным з упрыгожванняў калі не райцэнтра, то бальніцы – дакладна. Дарэчы, адміністрацыя ЦРБ  не перашкаджае, а наадварот, спрыяе ажыццяўленню задумак Курманава: прадастаўляе неабходныя матэрыялы і транспарт, па магчымасці заахвочвае матэрыяльна.

У кожнага з нас свае ўяўленні аб прыгажосці, але не кожны згодзен траціць свой вольны час (прычым рабіць гэта абсалютна бескарысліва) для таго, каб наш горад стаў яшчэ прыгажэй, дагледжаней і ўтульней. Хацелася б, каб такіх людзей было больш.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *