І справай, і песняй


Гэтую прыгожую і абаяльную жанчыну добра ведаюць не толькі ў сельгаспрадпрыемстве “Веляцін”, але і ва ўсім раёне. Зінаіда Ціханаўна Шкурко заўсёды была ў ліку перадавікоў сельгасвытворчасці раёна, аб ёй не раз пісала наша раёнка, а праца яе адзначана шматлікімі падзякамі, дыпломамі і граматамі. А яшчэ Зінаіда Ціханаўна з дзяцінства сябруе з песняй, з’яўляецца актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці Звеняцкоўскага сельскага клуба і не раз выступала перад аднавяскоўцамі, жыхарамі райцэнтра і іншых вёсак раёна.

У сельгаспрадпрыемстве “Веляцін” жанчына працуе больш за 17 гадоў і ўвесь гэты час была сярод лепшых працаўнікоў гаспадаркі. Вось і сёлета лідзіруе яна ў працоўным спаборніцтве аператараў машыннага даення кароў – за 6 месяцаў года надаіла 157 тон малака, сярэдні надой ад каровы склаў 3414 кілаграмаў.

Зараз у памяшканні для дойнага статка на Звеняцкоўскай МТФ ідзе капітальны рамонт, каровы знаходзяцца на адгонных пашах і дояцца пры дапамозе перасоўных даільных установак. Каб паспець на ранішнюю дойку, якая пачынаецца ў 6 гадзін, падымацца даводзіцца яшчэ на досвітку. Але жанчыне не прывыкаць да такога распарадку дня. Расла яна ў працавітай сялянскай сям’і ў вёсцы Звяняцкае. Бацькі працавалі ў тагачасным калгасе “Бальшавік” і выхоўвалі сямёра дзяцей. А пасля смерці дзвюх матчыных сясцёр сям’я павялічылася яшчэ на 5 дзіцячых душ. Тым не менш, раслі дружна, разам дапамагалі маці па гаспадарцы і яшчэ з самага ранняга дзяцінства прызвычаіліся да няпростай сялянскай працы.

Маці Марыя Еўдакімаўна ад прыроды мела прыгожы і мілагучны голас, які перадаўся і дочкам.

– Мы ж са Звяняцкага, а назва вёскі, напэўна, пайшла ад песень, якімі яна заўсёды звінела – так казала нам маці, – успамінае Зінаіда Ціханаўна.

У яе творчым арсенале многа лірычных і сардэчных песень, але асабліва любіць публіка ў яе выкананні вясёлыя і гарэзлівыя прыпеўкі, якіх яна ведае вялікае мноства. Вось і на заключным гала-канцэрце пераможцаў раённага агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці “Веліч роднай зямлі”, прысвечаным 65-годдзю вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, добра павесяліла яна гледачоў.

Сёлетняй вясной З.Ц. Шкурко, як лепшы аператар машыннага даення кароў, другі год запар была ўдзельнікам раённага злёту перадавікоў галін народнай гаспадаркі. Дарэчы, на гэтым жа злёце  быў і яе сын Мікалай Філіпчанка, які ў якасці перадавіка вытворчасці прадстаўляў калектыў прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Пастаянна атрымлівае падзякі і граматы за бездакорную працу ад кіраўніцтва КСУП “Веляцін” яе другі сын Аляксандр, які працуе разам з маці на ферме даглядчыкам жывёлы.

У яе доме свеціцца блакітны экран тэлевізара, яго гаспадыня атрымала ад кіраўніцтва гаспадаркі за самаадданую і сумленную працу, яшчэ раней прэміравалі яе і халадзільнікам, і дываном. Але не дзеля ўзнагарод стараецца Зінаіда Ціханаўна Шкурко. Яна выконвае свой грамадзянскі і патрыятычны абавязак, і справай, і песняй услаўляе родную зямлю.


Тэкст і фота Віктара НАЗАРАНКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *