І працаваць паспявае, і на блок-флейце грае

Сельское хозяйство

Заатэхнік КСУП «Судкова» Дзмітрый Кулічок працуе ў гаспадарцы толькі два гады, але ўжо азнаёміўся з рамяством жывёлагадоўлі і марыць стаць сапраўдным прафесіяналам сваёй справы.

Пасля заканчэння Рэчыцкага аграрнага каледжа па спецыяльнасці «Кіраванне ў аграпрамысловым комплексе» Дзмітрый прыехаў на працу па размеркаванню ў родны раён.

«У школе вучыўся добра. Па заканчэнні гімназіі г. Хойнікі меў нядрэнны бал атэстата. Адным з любімых прадметаў была біялогія. Старэйшая сястра да таго часу ўжо працавала ў сельскагаспадарчай галіне, ды і я вагацца не стаў – пайшоў па яе слядах. Жывёл вельмі люблю, таму выбар даўся лёгка. Калі прыйшоў на першае працоўнае месца, у калектыве мяне сустрэлі добра, распавялі аб асноўных працоўных абавязках і хутка ўвялі ў курс спраў. Вельмі прыемна, што больш дасведчаныя калегі паверылі ў мяне. Ніхто і ніколі не адмахнуўся, калі мне патрэбна было нешта спытаць. Усе настроены на супрацоўніцтва і гатовыя дапамагчы. Сам я з горада, але пра тое, што пераехаў у сельскую мясцовасць, не шкадую. Тут ёсць усе ўмовы для камфортнага жыцця, нават жыллё побач з гаспадаркай – далека ехаць не трэба», – падзяліўся Дзмітрый Кулічок.

Дзмітрый з’яўляецца актыўным карыстальнікам сацыяльных сетак, і амаль увесь вольны ад працы час здымае для падпісчыкаў забаўляльны і музычны кантэнт. Падыходзіць да свайго захаплення энтузіяст даволі прафесійна – карцінка і гук радуюць вока. Вольную хвілінку Дзмітрый аддае электрагітары і блок-флейце, а таксама працуе над развіццём сваіх вакальных здольнасцяў. На сацыяльных старонках нашага героя можна паслухаць і пабачыць музычныя кліпы на самыя сучасныя песні ў яго аўтарскай аранжыроўцы.

«Галоўнае для мяне – гэта прыкладаць максімум намаганняў, каб бесперапынна расці над сабой, кожны дзень атрымліваць новыя веды і ажыццяўляць свае мары. Несумненна, калі прыйшоў на працу, меў даволі моцную тэарытычную базу, але практычны вопыт атрымаў ужо непасрэдна на першым працоўным месцы. Вучыцца, як вядома, ніколі не позна», – лічыць Дзмітрый Кулічок.

Алег Зубок.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *