Хто добра адпачывае, той добра працуе


Як кіраўніцтва да дзеянняў успрынялі ў калектыве ПУП “Палескія сыры” Дырэктыву №1 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны” ад 11 сакавіка 2004 года. Першым крокам па яе рэалізацыі стала няўхільнае выкананне ўсіх раздзелаў распрацаванага тэматычнага плана мерапрыемстваў.

Стан працоўнай дысцыпліны абавязкова ставіцца на парадак дня агульных сходаў калектыву, якія праводзяцца штомесячна. Яе парушальнікі згодна з калектыўным дагаворам пазбаўляюцца прэмій. Але больш уздзейнічае маральнае пакаранне. Калі здараюцца факты парушэння дысцыпліны, іх стараюцца зафіксаваць фотаапаратам, а потым на сходзе ўвазе  прысутных гэтыя здымкі дэманструюцца праз камп’ютэр. Мера вельмі ўнушальная. Пасля гэтага наўрад ці хто асмеліцца парушыць працоўны распарадак. З самымі ж злоснымі прагульшчыкамі давялося развітацца: па адпаведнаму артыкулу Кодэкса аб працы Рэспублікі Беларусь былі звольнены лабарант Н. Юферава і прыбіральшчыца вытворчых памяшканняў Г. Грачыхіна, апаратчык К. Марцэвіч.

Вельмі востра рэагуюць у калектыве на паведамленні РАУС у адносінах сваіх работнікаў, якія былі затрыманы ў нерабочы час за парушэнне правіл дарожнага руху, удзел у бойках, неналежныя паводзіны ў грамадскіх месцах.

Вялікая роля на прадпрыемстве дзеля выканання Дырэктывы № 1 адводзіцца ідэалагічнаму актыву. Выраблены тэматычныя плакаты, якія вывешаны на прахадной і ў цэхах, выпускаюцца “маланкі” і насценныя газеты.

Поспехі калектыву, псіхалагічны мікраклімат, па перакананню працуючых, у многім залежаць ад стылю работы кіраўніка, узаемаадносін з прафсаюзным камітэтам. Дасягаецца добры вынік, бо праяўляецца гібкасць, уменне знаходзіць кампрамісныя рашэнні.

– Лічу, што гэта нам удаецца, – зазначае дырэктар ПУП “Палескія сыры” Г.В. Бондар. – Калектыўны дагавор забяспечвае шэраг сацыяльных ільгот і гарантый, рэгулярна  аналізуюцца вынікі яго выканання. Асаблівая ўвага – пытанням аховы працы і тэхнікі бяспекі: дзейнічаюць камісія і грамадскія інспектары, прайшоўшыя навучанне. Праведзена атэстацыя рабочых месц. Асобныя катэгорыі забяспечваюцца спецадзеннем, мыючымі сродкамі. Паспяхова працуюць камісіі садзейнічання сям’і і школе, па барацьбе з п’янствам, саветы маладых спецыялістаў, настаўнікаў, ветэранаў. Людзі, якія многа гадоў свайго жыцця аддалі працы на прадпрыемстве, запрашаюцца на кожнае значнае дзяржаўнае свята і абавязкова ў Дзень пажылых людзей. Для іх арганізоўваецца экскурсія па ўсіх вытворчых падраздзяленнях, наладжваецца “салодкі” стол, уручаюцца падарункі.

На “Палескіх сырах” працуе многа моладзі – выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і тыя, што вучацца па накіраванню прадпрыемства. Мерапрыемствы, увайшоўшыя ў праграму “Моладзь”, таксама  знайшлі адлюстраванне ў калектыўным дагаворы. Да слова,  прадпрыемства мае інтэрнат на 67 месц. Маладым спецыялістам, што тут пражываюць, аказваецца дапамога ў правядзенні рамонту, прадастаўляецца мэбля, халадзільнікі. Яны заўсёды могуць разлічваць на дапамогу каменданта інтэрната З.М. Повад.
Есць на прадпрыемстве і ўласная сталовая, загадчыцай якой з’яўляецца М.У. Дзяйкун. Цэны невысокія: абед з трох страў пацягне на 3-4 тысячы рублёў. Кожны працуючы можа заказаць тут прадуктовы набор, таксама па прымальнай цане.

Умеюць масла- і сыраробы наладзіць культурны і змястоўны адпачынак. Зборная прадпрыемства актыўна ўдзельнічае ва ўсіх раённых і абласных спаборніцтвах. І, як правіла, паказвае добрыя вынікі. А на абласной спартакіядзе занялі першае месца. Каб яго ўтрымаць, спартсмены не забываюць пра трэніроўкі. Валейбалісты ўдасканальваюць сваё спартыўнае майстэрства ў зале гарадской дзяржаўнай гімназіі пад кіраўніцтвам галоўнага інжынера А.М. Сачанкі. Тэнісістаў трэніруе галоўны энергетык С.Д. Дземчанка, більярдыстаў – начальнік аддзела забеспячэння А.А. Марчанка.

Працуе на прадпрыемстве многа аматараў самадзейнай творчасці. Адзін раз у тыдзень збіраюцца яны на рэпетыцыі, каб потым у час правядзення свят парадаваць калег па працы сваім высокім выканаўчым майстэрствам.

Хто добра адпачывае, той добра працуе – гэтую ісціну на ПУП “Палескія сыры” лічаць неаспрэчнай. Калектыў паспяхова спраўляецца з прагнознымі паказчыкамі, жыве паўнацэнна і цікава.



Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *