Паштальён ведае, за што народ раёнку паважае


Каб пашырыць кола сваіх падпісчыкаў, раённая газета 20 мая сёлета аб’явіла конкурс сярод паштальёнаў. Менавіта ім першым трапляе ў рукі свежы нумар раённага выдання, менавіта яны дастаўляюць газету ў дамы хайнічан. Не па заработнай плаце і па роду службовых абавязкаў выконваюць яны і функцыі рэкламных агентаў, як гаварылася раней, з’яўляюцца прапагандыстамі і агітатарамі за родную газету.

Згодна з умовамі конкурсу пераможцамі становяцца тыя паштальёны, працуючыя ў горадзе і ў сельскіх населеных пунктах, якія павялічаць колькасць падпісчыкаў на сваім участку ў параўнанні з першым паўгоддзем 2008 года.

Мерапрыемства праходзіла пры садзеянні аддзела падпіскі раённага вузла паштовай сувязі, паштальёны актыўна ўключыліся ў конкурс.

Першае месца і 40000 руб. дасталося паштальёну АСП “Судкова” Валянціне Міхайлаўне Караняка (на здымку), другое (30000 руб.) – Наталлі Міхайлаўне Жыляк з другога гарадскога аддзялення паштовай сувязі і трэцяе (20000 руб.) – Алене Рыгораўне Дубадзел, якая працуе ў АСП “Глінішча”. Яны павялічылі колькасць сваіх падпісчыкаў адпаведна на 138,8, 137,1 і 136,7 працэнта.

Не выпадкова, што два прызавыя месцы занялі сельскія паштальёны. Яны – заўсёды ў гушчыні вясковага жыцця. Добра ведаюць, што патрэбна мясцоваму чытачу. Аказваецца, зусім нямнога: праўдзіва адлюстроўваць на старонках газеты сённяшняе жыццё – без упрыгожванняў і замоўчванняў. І нам, раённым газетчыкам, прыемна было даведацца з вуснаў тых паштальёнаў, якія правялі своеасаблівае анкетаванне падпісчыкаў, што наша раённая газета якраз і следуе гэтаму прынцыпу. Не мяняе сваёй пазіцыі – узважанай і канструктыўнай – вось ужо 78-ы год.

Многім падпісчыкам па душы прыйшлася новая назва раёнкі, у адрас якой былі выказаны пажаданні. Героямі “Хойніцкіх навін” павінны быць людзі працы з глыбінкі. Трэба больш расказваць аб перадавым вопыце, аб навейшых тэхналогіях. Але абавязкова расказваць аб усім простай, даходлівай мовай.

Паважаныя нашы чытачы, пастараемся ўлічыць вашы заўвагі і прапановы. Мы даражым вашай дружбай з раённай газетай. Няхай і ў далейшым яна будзе прыходзіць ў вашы дамы, у працоўныя калектывы, навучальныя ўстановы. Спадзяёмся, што кола нашых чытачоў з часам будзе павялічвацца, а конкурсы, аналагічныя праведзенаму, стануць традыцыйнымі.


Ад імя калектыву рэдакцыі, Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *