Зрабіце правільны выбар

Образование

Пасля прыняцця Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 15 ад 17.07.2008 г. “Аб асобных пытаннях агульнай сярэдняй адукацыі” адбыліся змены ў арганізацыі навучальнага працэсу ўстаноў адукацыі. Напярэдадні новага навучальнага года ўвазе чытачоў прапануем актуальнае інтэрв’ю дырэктара дзяржаўнай гімназіі г. Хойнікі Ліны Васільеўны ЛАБАДА і яе намесніка па вучэбна-метадычнай рабоце Наталлі Уладзіміраўны РАМАНЧЫК (на здымку злева направа).

– Ужо некалькі гадоў у раёне існуе гімназія. На ваш погляд, ці апраўдвае свой статус установа адукацыі новага тыпу?

Н.В. РАМАНЧЫК:

– Статус нашай установы адукацыі пастаянна ўзрастае. Гімназічныя класы – гэта наш гонар. Наведваючы гімназію, вучні становяцца больш адказнымі і дысцыплінаванымі. Я ўпэўнена, што будучае за ўстановамі падобнага тыпу.   

Многа гадоў запар у нас лепшыя вынікі ў раённых прадметных алімпіядах. Наша гімназія трымае першае месца ў раённай спартакіядзе школьнікаў. Мы ганарымся тым, што нашы вучні з’яўляліся пераможцамі і прызёрамі абласных алімпіяд.

Спыняцца на дасягнутым не збіраемся, бо навучальны працэс у нас забяспечваюць, у большасці сваёй, аўтарытэтныя педагогі, якія ведаюць сваю справу і ўмеюць не толькі перадаць веды, але і навучыць сваіх вучняў самастойна здабываць іх.

Такі напрамак дзейнасці педагагічнага калектыву не выпадковы, бо адным з патрабаванняў, прад’яўляемых вышэйшай школай і самім жыццём да нашых выпускнікоў, з’яўляецца самастойнасць і арыгінальнасць мыслення, уменне растлумачыць назіраемыя з’явы, старанна прадумваць прымаемыя рашэнні і дакладна планаваць дзеянні, быць адкрытымі да новых кантактаў.

На мой погляд, поспех развіцця гімназіі ў стварэнні неабходных умоў для самавыяўлення і самарэалізацыі сваіх выхаванцаў.

– Якія асаблівасці функцыяніравання гімназіі ў параўнанні з агульнаадукацыйнымі школамі?

Л.В. ЛАБАДА:

– Асноўныя падыходы ў арганізацыі навучальнага працэсу абсалютна аднолькавыя. Але ў Адзіных тыпавых вучэбных планах гімназій, у адрозненне ад агульнаадукацыйных школ, з 5-га класа на адну гадзіну павялічана вывучэнне матэматыкі і на дзве гадзіны – замежнай мовы. На трэцяй ступені (10-11 класы) у гімназіях могуць існаваць чатыры напрамкі прафесійнага самавыяўлення навучэнцаў: фізіка-матэматычнае; хіміка-біялагічнае; грамадазнаўскае і філалагічнае, у межах якіх ажыццяўляецца вывучэнне асобных прадметаў згодна з выдзеленай колькасцю гадзін у адпаведнасці з распрацаванымі вучэбнымі праграмамі.
Раней і агульнаадукацыйныя школы стваралі гімназічныя класы і накіравана працавалі з вучнямі, якія вылучаюцца ўсебаковым развіццём у галіне асобных прадметаў. Але з 2008 года профільнае навучанне засталося толькі ва ўстановах новага тыпу – гімназіях, ліцэях.

У любым выпадку, на мой погляд, у гімназію варта паступаць дзецям, на самай справе захопленым якім-небудзь прадметам і гатовым займацца ім у любы час. Бацькам такіх дзяцей трэба падумаць аб выбары ўстановы адукацыі, дзе вучань зможа развіваць свой патэнцыял з арыентацыяй на далейшае навучанне ў ВНУ.

– Якія правілы прыёму ў гімназію?

 Н.У. РАМАНЧЫК:

– Гімназія забяспечвае навучанне і выхаванне на ІІ і ІІІ ступені (5-9 і 10-11 класы) агульнай сярэдняй адукацыі. У 5-я класы гімназіі маюць права паступаць вучні, якія атрымалі агульную пачатковую адукацыю. Прыём у гімназію ажыццяўляецца на падставе ўступных іспытаў у адпавенасці з кантрольнай лічбай прыёму, зацверджанай райвыканкомам. Да пачатку іспытаў законныя прадстаўнікі вучняў падаюць у прыёмную камісію заяву на імя кіраўніка гімназіі і прадстаўляюць у дзень правядзення першага іспыту асабовую справу вучня і даведку аб стане здароўя. Ва ўстаноўленыя тэрміны вучні здаюць тры іспыты: па беларускай і рускай мовах, матэматыцы.

Пры паступленні ў 5-ты клас гімназіі іспыты праходзяць у чэрвені. Сёлета 5-я класы ўкамплектаваны поўнасцю.

Пры наяўнасці свабодных месц, пачынаючы з 6-га класа, гімназія праводзіць дадатковы прыём вучняў на падставе ўступных іспытаў, парадак правядзення якіх устанаўліваецца ўпраўленнем адукацыі ў жніўні.

Карыстаючыся выпадкам, запрашаю вучняў раёна 6, 7, 8, 9, 10-х класаў ісці вучыцца ў гімназію. Па ўсіх указаных паралелях маюцца вакантныя месцы. Дадатковую інфармацыю па гэтаму пытанню можна атрымаць па тэл. 3-01-20.

– Кожны кіраўнік марыць бачыць узначальваемую ўстанову адукацыі паспяховай. Якія фактары будуць садзейнічаць паспяховасці гімназіі?

Л.В. ЛАБАДА:


– Складаемых поспеху дзейнасці навучальнай установы многа. Для мяне ж галоўнае – прафесіяналізм кадраў і камфорт для дзяцей. Апошняе я сказала не дзяля чырвонага слоўца. Гэта настаўнікам і бацькам трэба, каб дзеці атрымлівалі ў гімназіі якасныя веды, а для дзіцяці ў першую чаргу важна, каб яго любілі і радаваліся яго поспехам, каб з ім супрацоўнічалі, каб разам перажывалі, калі ў яго нешта не атрымліваецца. Таму дзейнасць калектыву гімназіі накіравана на стварэнне добрага маральна-псіхалагічнага клімату, які будзе садзейнічаць творчасці, развіццю, самаўдасканальванню, узаемадзеянню педагогаў і дзяцей.


Запісала Ірына ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *