Свецяцца вокны толькі ў дзвюх хатах

Вёсачка мая

4Рады прадставіць вашай увазе новы праект «ВЁСАЧКА МАЯ».
У рамках яго мы раскажам вам пра сучасны лёс маланаселеных вёсак Хойнікшчыны. І вось накіроўваемся ў першую вандроўку – у Іванаўку. Стралічаўскі сельскі Савет.

Сюды не ходзіць рэйсавы аўтобус. На вуліцы не чуваць дзіцячых галасоў. Вечарамі свецяцца вокны толькі ў дзвюх хатах, а ўсяго іх засталося пяць… А калісьці, у лепшыя часы, вёска мела пад сотню двароў. Былі пачатковая школа, клуб, магазін. Тут бурліла жыццё. Цяпер жа яно мернае, быццам маятнік: два разы на тыдзень тутэйшае зацішша абуджае шум рухавіка аўталаўкі, раз у месяц пенсію жыхарам прыносіць паштальён, па неабходнасці прыязджае фельчар. Аджывае сваё Іванаўка…

3
Пад’язджаем да першай хаты. Аб нашым візіце адразу «паведаміў» гучнагалосы сабака. Вось і гаспадыня з’явілася на ганку. Знаёмімся: гэта карэнная жыхарка Марыя Васільеўна Буйневіч. Ёй 85 гадоў. «Вы да мяне? Праходзьце, калі ласка», – кажа бабуля, запрашаючы ў хату. – Я жыву адна. Дзяцей, а ў мяне пяць сыноў і дзве дачкі, лёс раскідаў па розных кутках. Наведваюць рэдка. Муж пайшоў з жыцця шэсць гадоў назад. Раблю ўсё сама: і дровы прынясу, і грубку затаплю, і вады ў студні набяру. Апрацоўваю невялікі агарод – колькі мне адной трэба? Па вечарах тэлевізар пагляджу, да суседзяў у госці завітаю. Дзень жа ў адзіноце цягнецца доўга, а так хоць з імі пагавару – і тое лягчэй. Што казаць, шкада Іванаўку… Часта ў думках блукаю ваколіцамі роднай вёскі, згадваю мінулае, аднавяскоўцаў. Добра жылі, дружна».
Усё ж такі чалавечая гутарка, у якой можна паспавядацца пра былое, адчуць суперажыванне, – вялікая каштоўнасць. Я з цікавасцю слухала жыццёвую гісторыю Марыі Васільеўны, якая напаследак размовы сказала: «Усё добра. Я трымаюся. Але хочацца быць бліжэй да людзей. Вось бы невялікую хатку ў Стралічаве знайсці – жыццё насычаней стала б…»

1
У наступнай хаце жыве сям’я Турчыных. Муж Леанід Аляксандравіч і жонка Галіна Адамаўна разам ужо 56 гадоў. Пытаюся, у чым сакрэт доўгага сямейнага жыцця. «Я крычу, яна маўчыць. Яна крычыць, я маўчу», – усміхаючыся, гаворыць гаспадар і дадае, – Галоўнае – павага і ўзаемнасць ва ўсім».
Прыгожая дзяўчына Галя жыла ў Навасёлках. Працавіты юнак Лёня – з Іванаўкі. Пазнаёміліся на вяселлі сяброў. Да яе заляцалася шмат кавалераў, але пакарыць сэрца ўдалося менавіта Леаніду. Ажаніліся. Галіна пераехала жыць у Іванаўку. Многае разам перажылі: і гора, і радасць. Кажуць, калі ўсё прыгадаць, дык газеты не хопіць, цэлая кніга атрымаецца.
Гэта сапраўдныя, працавітыя і моцныя духам людзі. Раней жа ўсё ў полі рабілі ўручную. Вельмі цяжка было. Часам даводзілася есці адны жалуды са шчаўем. Зімой хадзілі ў лапцях. Прыходзілі дамоў з працы – ні ног, ні рук не адчувалі, але заўсёды былі вясёлыя. На танцы хадзілі, песні спявалі пад гармонік. Калі трое дзяцей у сям’і з’явілася, цесна стала ў хаце свякрухі. Вырашылі ўласным жыллём абзавесціся. Грошай не было, пазычалі ў родзічаў. Назбіралі і купілі. Радасці сямейнай пары не было межаў. У хаце адны сцены былі, але душу цешыла, што свая. Паступова абжываліся, гаспадарку заводзілі.

2
Асобная страшная старонка іх жыцця – вайна. Бяда, якая закранула кожнага жыхара вёскі, да гэтай пары баліць у іх душах. «Хаваліся ў лесе, моцна хварэлі, але самае страшнае – калі на тваіх вачах забіваюць людзей», – не стрымліваючы слёз, гавораць мае суразмоўцы. – «Не дай Бог, яшчэ такое перажыць».
Цяпер жа, у мірны час, душа баліць за знесеныя дамы ў вёсцы, а асабліва за той, што быў насупраць, які прыстасавалі пад уласныя патрэбы…
Сёння ў Леаніда Аляксандравіча і Галіны Адамаўны Турчыных 5 дзяцей, 10 унукаў і 3 праўнукі. Разам з бацькамі жыве сын Аляксандр (здымак 4). Вялікая дружная сям’я часта збіраецца разам, дзеці дапамагаюць бацькам, звычайна, усе з’язджаюцца ў Іванаўку на святы. Выносяць на двор сталы, накрываюць іх, адпачываюць, гутараць. Сярод нашчадкаў Турчыных шмат творчых людзей, якія любяць спяваць і іграць на розных музычных інструментах. Без песні ніколі не абыходзяцца. І льецца яна па наваколлю, а пакуль яна гучыць – жыве Іванаў-ка…

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *