А ў Васілія Сцяпанавіча ў двары ружы квітнеюць

Год малой радзімы

Быццам трапляеш у батанічны сад: паўсюль кветкі – ружы, цюльпаны, гладыёлусы. Мабыць няма і мястэчка, дзе б ні расла кветачка.

На заборы вітаюць хайнічан велічны арол з паўлінам:
гэта ручная работа з пластыкавых бутэлек ад гаспадара дома. Гэта ўсё вуліца Будаўнічая, 19, райцэнтра.

У такой незвычайнай рознакаляровай прыгажосці жыве 75-гадовы Васілій Сцяпанавіч Анісенка. «Пачаў займацца вырошчваннем кветак яшчэ ў дзяцінстве, негледзячы на тое, што гэта больш жаночая справа. Аднак мне так падабалася за імі даглядаць! Маці дапамагаў спачатку. Памятаю, прыбягу са школы і іду хутчэй падразаць свае любімыя ружы. Дарэчы, зараз тут у мяне некалькі гатункаў. Ёсць куставыя, паркавыя, павойныя, карлікавыя. У гаршках пятунні высаджваю. Здаецца, глядзяцца яны гарманічна з ружамі ды цюльпанамі. Некаторыя знаёмыя кажуць: «Да цябе, Сцяпаныч, хоць на экскурcію ў твой двор прыходзь». А вось гасцей сваіх я ніколі без букетаў кветак не адпускаю. Як здароўе дазволіць, так планую яшчэ абсталяваць зімовы сад у хаце, збяру там самыя лепшыя кветкі», – расказвае субяседнік.

А сакрэт такіх шыкоўных кветак Васілія Анісенкі просты: патрэбна раз на тыдзень падкармліваць іх добрым угнаеннем, тады і ружы ніколі не звянуць, і лісце не будзе абсыпацца, і знешні выгляд вока парадуе. А вось паліваць іх зверху вадой не варта, то засохнуць.

Нядаўна вось мужчына і фантан у двары зладзіў. Там купаюцца ўжо две качкі, жабы ўвечары квакаюць, і драўляныя буслы на гняздзе «назіраюць». Так сказаць, прыглядваюць за домам.

І, канешне, адпачываць Васілію Сцяпанавічу таксама трэба. Па-гэтаму ў двары ён уладкаваў бяседку, арэлі (больш для ўнукаў). Ну, і без мангала нікуды – шашлычок у хайнічаніна выходзіць смачны.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *