Можа не рэвалюцыянер, а чалавек прыстойны…


Аб тым, што ў вёсцы Алексічы да Кастрычніцкай рэвалюцыі была Свята-Мікалаеўская праваслаўная царква, ведаюць не многія жыхары Алексіцкага сельскага Савета. У той час гэта быў Рэчыцкі павет Мінскай епархіі, а царква лічылася прыгажэйшай ва ўсёй акрузе, пры яе будаўніцтве не быў выкарыстаны ніводны металічны цвік. Была спалена ў гады  Вялікай Айчыннай вайны.

Толькі адзін чалавек у вёсцы Каранёўка, у якой жыў настаяцель царквы айцец Міхаіл, старажыл Васілій Васільевіч Жолуд сёння памятае яго, а таксама сына бацюшкі Уладзіміра, які быў ягоным суседам. Але нешта расказаць аб учынках, дзейнасці айца Міхаіла Васілій Васільевіч не можа, бо быў ён у той час хлопчыкам.

Упамінаецца айцец Міхаіл (Міхаіл Іванавіч Ваяводскі) у кнізе “Памяць. Хойніцкі раён” (стар.70) і на старонцы 44 у артыкуле Е.П. Зырко аб рэвалюцыйным руху 1905-1907 гг.

З пакалення ў пакаленне ў родзе Ваяводскіх памятаюць да гэтага часу аб Міхаілу Іванавічу. Сведчаннем таму пісьмо, якое даслаў у рэдакцыю яго ўнук Уладзімір Уладзіміравіч Ваяводскі, які зараз жыве ў Мінску:

– Насуперак сцвярджэнням прыхільнікаў камуністычнага светапогляду прыхільнікі рэлігійных вучэнняў па сваёй сутнасці з’яўляюцца ўпаўне рэвалюцыйнымі дзеячамі. Толькі яны даносяць да шырокіх народных мас рэвалюцыйныя ідэі сваімі духоўнымі, больш чалавечымі і гуманнымі метадамі, пазбаўленымі ўсялякага насілля і агрэсіі.

За прыкладамі далёка хадзіць не патрэбна. У 1905-1907 гг., калі стаў нарастаць рэвалюцыйны рух у Расіі, ён дакаціўся і да самых аддаленых куткоў імперыі. У Юравіцкім раёне (зараз Калінкавіцкі і Хойніцкі раёны) дзейнічалі рэвалюцыянеры чатырох ячэек: у вёсках Юравічы, Тульгавічы, Алексічы і Крышычы. Іх дзейнасць зводзілася да арганізацыі сходаў, мітынгаў, дыскусій, чытання асветніцкіх лекцый, распаўсюджвання пракламацый, рэвалюцыйных брашур. Тады на першае месца ставіліся пытанні павышэння зарплаты, скарачэння рабочага дня і стварэння паўсюдна новых рэвалюцыйных ячэек.

Ячэйка ў в. Алексічы знаходзілася пад уплывам настаяцеля Свята-Мікалаеўскай царквы М.І. Ваяводскага. Усю дзейнасць ён зводзіў да чытання і тлумачэння рэвалюцыйнай літаратуры, адмаўляў неабходнасць барацьбы ў тым выглядзе, якая прапаноўвалася (прымяненне агрэсіі, забастовак, кровапраліцця, узброеных выступленняў і г.д). Прапаноўваў мірны шлях развіцця падзей (перагаворы, кампрамісы, пагадненні, ультыматумы).

 Кіраўнікам  Юравіцкага цэнтра такая дзейнасць Алексіцкай ячэйкі не падабалася. Яны з’явіліся ў вёсцы, у выніку чаго актыў ячэйкі прыняў рашэнне выступіць перад мясцовым панам Солтанам К. з патрабаваннем павышэння зарплаты ўсім работнікам, калі на гэта выступленне іх блаславіць айцец Міхаіл. Аднак той не параіў выступаць з патрабаваннямі адной толькі вёскі Алексічы, а паспрабаваць угаварыць жыхароў усіх вёсак, якія працуюць на пана. Гэта ўпаўне разумнае рашэнне: масавасць, усеагульнасць выступлення і патрабаванняў прынеслі б поспех, а не разрозненасць, якая лёгка падаўляецца ўладамі. Тым часам па сігналу пана Солтана ў Алексічы з’явілася паліцыя, арыштавала ініцыятыўную групу і дала бізуноў  па іхніх спінах. На тым справа і закончылася.

У той перыяд асабліва актыўнай была ячэйка ў в. Тульгавічы, якая праводзіла сваю работу на даволі вялікай тэрыторыі ( мітынгі, забойства ўрадніка, барацьба з правакатарамі, стварэнне новых ячэек, накапленне зброі і г.д.). У канцы 1906 года ёю было арганізавана нападзенне сялян на панскую сядзібу. І зноў усё закончылася плачэўна: усыпалі жандармы і казакі  шомпалаў і бізуноў.

Рэвалюцыйная дзейнасць заглохла. А айцец Міхаіл працягваў яе ў Алексіцкім прыходзе да закрыцця царквы ў 1917 годзе.


***


Трагічны лёс у Міхаіла Іванавіча Ваяводскага. Ен быў рэпрэсіраваны і расстраляны (аўтар пісьма ў допісу да матэрыяла ўдакладняе, што нарадзіўся яго дзядуля не ў вёсцы Каранёўка, а ў в. Целякова Уздзенскага раёна Мінскай вобласці і арыштаваны не ў верасні 1938 года, бо ў лютым таго ж года ўжо быў расстраляны). Цяжка верыцца ў тое, што свяшчэннік мог раздзяляць рэвалюцыйныя бунтарскія погляды, бо яны аніяк не вяжуцца з рэлігійнай запаведдзю “ Не убий!”. Да таго ж, як ісці супраць царскага рэжыму, калі праваслаўнае духавенства даводзіла прыхаджанам, што цар – гэта ад Бога?

Аднак несумненна адно: гэта быў прыстойны, з чыстым сумленнем і дзеяннямі чалавек, які душой хварэў, бачачы сацыяльную несправядлівасць, цяжкае жыццё сялянства.Нявінна пацярпеў ён і ў час сталінскіх рэпрэсій, асуджаны “тройкай”. Таму і быў рэабілітаваны пасмяротна. В.В. Жолуд памятае, як прыходзіў да яго сын Міхаіла Іванавіча з газетай, у якой было паведамленне аб гэтым. І колькі гора  выпала сям’і “ворага народа”?.. Не важна, што прайшло ўжо больш за 70 год, унукі і праўнукі “свяшчэнніка-рэвалюцыянера” ведаюць яго па расказах у сям’і. І толькі ў сям’і…



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *