Адпачылі з карысцю


У чарговы раз абаронна-спартыўны лагер дзённага знаходжання сабраў каля сяброўскага кастра ў лясным масіве паблізу вёскі Казялужжа вучняў школ горада і раёна. Большасць з іх – падлеткі, якія знаходзяцца на ўліку ў камісіі і інспекцыі па справах непаўналетніх, а таксама дзеці з сацыяльна-небяспечных сем’яў.  Насычаная праграма, новыя знаёмствы і шмат чаго іншага чакала рабят у ходзе правядзення спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарніца”.

Актыўны адпачынак з падачы арганізатараў –  камісіі і інспекцыі па справах непаўналетніх, раённага камітэта БРСМ, РАНС, райваенкамата, аддзелаў адукацыі, па справах моладзі, фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкома разгарнуўся ва ўсю моц. На працягу дня ў лагеры кіпела жыццё. Спартыўныя баталіі вяліся паміж пяццю камандамі: трох гарадскіх школ, гімназіі і зборнай Судкоўскай і Казялужскай СШ.

Азартныя і захапляючыя гульні нікому не давалі сумаваць. Турысцкая паласа перашкод чакала смельчакоў і аматараў высокага адрэналіну. Хуткасць і спрыт спатрэбіліся рабятам у конкурсе скачкоў, напружаная барацьба разгарнулася паміж камандамі ў час устаноўкі палаткі, немалой фізічнай сілы патрабавала выкананне комплексных сілавых практыкаванняў.

У выніку абсалютнай пераможцай стала зборная Судкоўскай і Казялужскай СШ. Усе каманды атрымалі максімум задавальнення і вярнуліся дамоў  з падарункамі ад арганізатараў мерапрыемства.

Акрамя таго, дзяўчатам давялося праявіць свае кулінарныя здольнасці ў прыгатаванні ежы, а хлопцам – сачыць за парадкам у лагеры і падтрымліваць вогнішча.

Выдатнага настрою і аптымізму, якія атрымалі рабяты ў час адпачынку, хопіць надоўга.


Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *