Першы раз, як настаўнік, у клас

Образование

Хто такія маладыя спецыялісты?

Гэта ж менавіта яны, дзяўчынкі і хлапчукі, якія раней гулялі ў лялькі, машынкі, будавалі замкі з пяску, бегалі з сябрамі па двары, збівалі каленкі, затым пайшлі ў першы клас, рабілі дамашняе заданне, слухалі парады настаўнікаў і бацькоў, прыходзілі з цяжкім партфелем дадому, выпускаліся з роднай школы, сталі дарослымі людзьмі, якім павінна было рабіць выбар з будучай прафесіяй. І зрабілі яго. Узважана.

Начальнік аддзела адукацыі Людміла Тупіца і малады педагог Анастасія Чэкан

І вось прайшоў час, цяпер яны – маладыя настаўнікі, новае папаўненне Хойнікшчыны ў кузні адукацыі. Прыгожыя, энергічныя, сціплыя, яны ўжо не тыя наіўныя, бесклапотныя дзяўчынкі з хлапчукамі, якіх вучылі, выклікалі да дошкі, якім уручалі атэстаты і дыпломы, якія з заміраннем сэрца ішлі на апошні званок у якасці школьнікаў. Зараз яны – маладыя спецыялісты, якія толькі пачнуць свой працоўны шлях у краіне ведаў.

Традыцыйна ў трэцяй гарадской школе напярэдадні навучальнага года прайшла сустрэча кіраўніцтва раёна і аддзела адукацыі з маладымі спецыялістамі, якія прыбылі да нас у раён. Грашовыя выплаты, льготныя крэдыты, магчымасць атрымання службовага жылля – новаму папаўненню работнікі райвыканкама давялі гэтыя і іншыя важныя пытанні.

Марыя Лахмакова

Андрэй Пугач

Усяго ў дадзеным навучальным годзе ва ўстановы адукацыі Хойніцкага раёна накіравана 11 педагогаў, 9 з іх хайнічане, астатнія з Брагінскага і Мазырскага раёна. 6 чалавек маюць вышэйшую адукацыю, 5 – сярэднюю спецыяльную. Большасць «навічкоў» прыйшло з Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна.

Сустрэча атрымалася вельмі душэўнай. Яна не нагадвала афіцыйны сход, а была больш падобная на цёплую бяседу аднадумцаў, калег па цэху. Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Людміла Тупіца нагадвала маці, да якой прыйшлі яе дзеці, каб пачуць для сябе важныя парады, прыслухацца і зрабіць правільныя вынікі, якія спатрэбяцца ім у навучанні школьнікаў. І гэта адчувалася не толькі ў праніклівых словах, але і ў эмоцыях.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *