Слепата мацярынская


У дадатак да Дэкрэтаў Прэзідэнта № 18 і № 5 аб абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях зацверджана пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якая ўдакладняе некаторыя важныя аспекты.

Калі раней татам і мамам, якія ўсяляк ухіляліся ад працаўладкавання, пагражаў адміністрацыйны арышт на 15 сутак, то цяпер ноччу яны будуць знаходзіцца у ізалятары часовага ўтрымання, як і раней, а днём – працаваць на размешчаных паблізу прадпрыемствах. Большая частка іх заробку пойдзе на пакрыццё даўгоў, а з застаўшыхся грошай яшчэ выплацяць расходы на харчаванне ў ізалятары.

Выхаваныя на славянскіх казках, у якіх дабро заўсёды перамагае зло, большасць з нас да апошняга не губляюць надзеі на тое, што ўсе непрыемныя сямейныя гісторыі ў рэшце рэшт закончацца. У тым ліку і тыя, дзе адурманеныя спіртным бацькі адвярнуліся ад родных дзяцей. Што адродзіцца мацярынскі інстынкт у тых жанчын, якія атрымалі статус абавязаных асоб. Трэба сказаць, што дзякуючы Дэкрэту № 5 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца лагічным працягам Дэкрэта № 18, колькасць абавязаных у раёне зменшылася на 13 чалавек і складае зараз 53. Для іх запазычанасць перад дзяржавай праз суд знята.

Пераважная большасць абавязаных не робіць прагулаў па месцу працы. Аднак ёсць і такія, да каго не даходзіць уся сур’ёзнасць іх паводзін. Характэрны прыклад – Вера Мікалаеўна Рашотка з вёскі Вялікі Бор. Нарадзіла яна васьмярых дзяцей. Раней была пазбаўлена мацярынства на шасцярых. А зараз павінна ў поце твару свайго працаваць, каб хоць неяк кампенсаваць затраты дзяржавы яшчэ на дваіх.

– Не працавала і працаваць не буду, – без ценю сораму заяўляе жанчына.

І даводзіцца прымусова 47-гадовую жанчыну вылоўліваць па вёсцы, дастаўляць на месца працы. Але не надоўга. Выбраўшы зручны момант, збягае і зноў бадзяецца па вёсцы ў пошуках спіртнога..

Адбывае зараз тэрмін у лячэбна-працоўным прафілакторыі ў Мінскай вобласці аднавяскоўка Рашоткі Клаўдзія Уладзіміраўна Праходская. Дачка яе знаходзіцца ў апякунскай сям’і. Менш усяго думае Праходская аб дзіцяці. На працу выходзіла нерэгулярна, некалькі разоў прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за з’яўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане.

Дзеці Людмілы Анатольеўны Іванюценка вернуты яе мужу. А сама яна абураецца, што праца вартаўніком не дае ёй не толькі задавальнення, але і сродкаў на тое, каб не памерці з голаду самой. Справа ў тым, што і аліменты на дзіця плаціць трэба, і запазычанасць перад дзяржавай па Дэкрэту № 18.  Зарплата жанчыны ў мінулым месяцы склала мінус 35 тысяч рублёў. І тым не менш, грошы на выпіўку знаходзіць. На ферме вёскі Карчовае ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”, дзе яна ўладкавана працаваць вартаўніком, лічыце, што і няма таго вартаўніка. То не выйдзе на працу, то п’яная знаходзіцца на даверанай тэрыторыі. Па-сутнасці, да самой вартаўніка прыстаўляць патрэбна, бо, таго і глядзі, жывёлу ўкрадуць.

У статусе абавязанай асобы села на лаву падсудных даярка КСУП “Судкова” Любоў Мікалаеўна Краўчанка. Пакуль адбывала тэрмін пакарання ў зоне, паўналетняй стала яе дачка. Аднак запазычанасць перад дзяржавай яшчэ не пакрыта, а Л.М. Краўчанка 14 верасня падыходзіць тэрмін ісці на пенсію. Вось і вырашыла яна адпачыць перад “заслужаным адпачынкам”. Дачка доіць за яе кароў, пагашае запазычанасць, а маці бавіць час дома і топіць смутак дзён сваіх бяспутных на дне чаркі.

Не з таго пачала дарогу ў жыццё і Святлана Уладзіміраўна Цішкавец. Яе дзіця-інвалід знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні. Працаўладкаваная, Цішкавец толькі лічылася маляром у  КЖУП “Хойніцкі камунальнік”: больш прагульвала, чым працавала. Зараз знаходзіцца ў ЛПП.

У народзе кажуць: калі бацька памірае – дзеці сірацеюць, а калі маці – бацька слепне. Магчыма, у асобных выпадках гэта і так. Толькі ў прыведзеных прыкладах гаворка ідзе аб “сляпых” маці. Супрацоўнікі праваахоўных органаў працуюць у цесным кантакце з кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, дзе ёсць абавязаныя, а таксама з цэнтральнай раённай бальніцай, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання, камісіяй і інспекцыяй па справах непаўналетніх.

Эфект ад усіх мер, што прымаюцца да несумленных абавязаных, будзе значна большым, калі  абстаноўку нецярпімасці да іх паводзін ствараць і ў працоўных калектывах, па месцу жыхарства. Нельга быць раўнадушнымі да тых, хто знаходзіцца побач і гіне.


А. ЛОБАН,
начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *