Вяселле ў нацыянальным стылі

Общество

5 верасня Дом абрадаў адзначыў 10-гадовы юбілей.

Першае ўрачыстае вяселле другога дзесяцігоддзя прайшло на мінулым тыдні.

Начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Таццяна Пахомава арганізавала для Аляксандра і Анастасіі Тамілка, іх гасцей сапраўднае свята, якое стала неспадзяваным сюрпрызам для ўсіх. Самадзейныя артысты правялі для маладажонаў абрад, выканалі вясельныя песні.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар і першы сакратар РК ГА «БРСМ» Людміла Гаркуша павіншавалі са шлюбам маладых. Пажадалі жыць у шчасці і згодзе ўсё жыццё, а любыя праблемы вырашаць толькі разам, прыслухоўваючыся адзін да аднаго.

Каб багатым і добрым было сямейнае жыццё артысты абсыпалі маладажонаў зернем, звязвалі іх вясельным поясам у знак доўгага кахання.

Удзельніца аматарскага аб’яднання «Спадчына» казала вось так:

– Сыплю пшаніцу яру,
Каб жылі маладыя ў пары,
Сыплю на вас зярно,
Каб вы былі як адно,
А маладому яшчэ ў кішэню зярнятак,
Каб было многа дзіцятак.

Віншуем вас, Аляксандр і Анастасія! Няхай у вашым доме заўсёды пануе каханне, павага і давер.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *