Для здароўя і на здароўе. У Хойніцкай бальніцы лечаць і… будуюць

Важное

Вось такое суседства ў нашай ЦРБ працягваецца ўжо другі год: бягучы і капітальны рамонт будынкаў, вядома ж, патрабуе часу і стабільнага фінансавання, а хвароба чакаць не ўмее, і людзей трэба лячыць.

Зрэшты, нягледзячы на такі, здавалася б, антаганізм, пацыенты да будаўнічага шуму ставяцца ў асноўным з разуменнем, таму што ўжо бачаць вынік – сучасныя, чыстыя, прыгожыя калідоры, палаты, кабінеты.

Будаўнікі ж добра разумеюць, што здаваць ім давядзецца аб’ект сацыяльна значны, таму падыходзяць да сваёй працы з асаблівым настроем: работы праводзяць згодна з графікам і імкнуцца зрабіць усё, каб пацыенты бальніцы засталіся задаволены.

Трэба сказаць, што менавіта так і атрымліваецца. Той, хто па стану здароўя вымушаны класціся на лячэнне час ад часу, адзначае значныя перамены ў тым, што было і што ёсць.

Вядома, трапляць у бальніцу нікому не хочацца, але ўсё ж лячыцца ў такіх умовах значна прыемней.

На гэтым тыдні экскурсію па адрамантаваных, мадэрнізаваных «апартаментах» і асноўных будаўнічых кропках здзейсніла і я.

Памятаючы, як выглядала бальніца да пачатку рамонту, не магла не адзначыць велізарныя пазітыўныя перамены. Розніцу не заўважыць проста немагчыма, таму што яна больш чым прынцыповая – усё дзеля таго, каб наведвальнікам і пацыентам было больш утульна і камфортна. Шыкоўна, светла, зручна, класна! Для здароўя і на здароўе нашым землякам – жыхарам горада і раёна.

Алена СМУСЯНОК.

Фота аўтара.

ШТО ЗРОБЛЕНА: бягучы рамонт часткі даху паліклінікі, харчаблока і чацвёртага паверху тэрапеўтычнага корпуса, капітальны рамонт даху ў тэрапеўтычным корпусе. Усталявалі аўтаномную пажарную сігналізацыю, замянілі сістэму ацяплення, водазабеспячэння і водаспажывання ў тэрапеўтычным корпусе. У паліклініцы замянілі 101 акно, у тэрапеўтычным корпусе – 274. Новы выгляд набылі цэнтральны лесвічны марш, раздаткавыя і сталовыя ў тым жа тэрапеўтычным корпусе.

ШТО РОБЯЦЬ: працягваецца бягучы рамонт тэрапеўтычнага корпуса (5, 3 і 1 паверх) і лесвічнага марша ў правым крыле. Праводзіцца капітальны рамонт унутраных памяшканняў хірургічнага корпуса.

ШТО Ў ПЛАНАХ: замяніць 91 акно і працягнуць рамонт даху ў паліклініцы, завяршыць бягучы рамонт тэрапеўтычнага корпуса, унутраных памяшканняў харчаблока, актавай залы, ганка, добраўпарадкаваць тэрыторыю.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *