Клопат аб людзях — стымул жыцця


Душа гэтай жанчыны напоўнена вялікай любоўю да сям’і, работы, навакольнага свету. Яе сэрца – храм, у якім пануе чуласць. Позірк выпраменьвае пяшчотны свет, а ўсмешка выклікае прыхільнасць у людзей.

Нягледзячы на цяжкія выпрабаванні лёсу, М.Р. Тарасавец (на здымку) змагла знайсці жаночае шчасце. Яе жыццёвы шлях быў нялёгкім, але зараз Марына Рыгораўна з упэўненасцю гаворыць: “Я шчаслівая… У мяне ёсць усё для гэтага: цудоўныя дзеці – мая надзея і падтрымка, любімая праца, якой прысвяціла жыццё”. Агеньчык у яе вачах – лепшы доказ сказанаму.

Нарадзілася Марына Рыгораўна ў расійскім горадзе Навакузнецку. Калі ёй споўнілася тры гады, сям’я пераехала ў Хойнікі – горад, які стаў для яе родным куточкам.

Каб упэўнена стаяць на нагах, неабходна адукацыя. Марына Рыгораўна заўсёды адказна ставілася да вучобы. Сярэднюю адукацыю атрымала ў другой гарадской школе. Пасля паступіла ў Гомельскае медыцынскае вучылішча.

Яна з задавальненнем спасцігала навыкі такой неабходнай людзям прафесіі. Пасля заканчэння вучылішча тэарэтычныя веды прымяняла на практыцы ў інфекцыйным аддзяленні раённай бальніцы, дзе працавала працэдурнай медсястрой. А праз тры гады добраахвотна падала дакументы ў камісію Гомельскага абласнога ваенкамата з просьбай накіраваць у Афганістан. Так апынулася ў г. Шындант. 

  – Шпіталь знаходзіўся на ахоўваемай тэрыторыі, – успамінае жанчына. – Спачатку было вельмі складана, даводзілася працаваць амаль круглыя суткі. Самым жа цяжкім было прызвычаіцца да спякотнага клімату, тэмпература дасягала 60 градусаў вышэй нуля.

Пераадолець цяжкую хваробу – вірусны гепатыт, Марына Рыгораўна дапамагла вялікай колькасці салдат. Акрамя таго, ёй давялося чатыры разы здаваць кроў для лячэння параненых.

Адзін з самых жахлівых успамінаў аб ваенным ліхалецці для яе – абстрэл хірургічнага аддзялення шпіталя. Але, дзякуй Богу, тады ніхто не пацярпеў.

Аб сваіх заслугах Марына Рыгораўна расказвае з уласцівай ёй сціпласцю. Узнагароджана медалём “За працоўную доблесць”, адзначана шматлікімі граматамі.

У чэрвені 1988 года пасля заканчэння кантракта вярнулася дамоў. Працоўную дзейнасць працягвала ў рэанімацыйным аддзяленні райбальніцы.

З цягам часу жыццё ўвайшло ў звычайны рытм, нарадзіўся сын Вадзім. Калі выйшла з водпуску па догляду за дзіцём, вымушана была змяніць месца работы і вось ужо 18 год працуе старшай медсястрой у дзіцячым садзе № 1. Вельмі любіць дзяцей, упэўнена, што яны павінны жыць у свеце прыгажосці, гульні, казкі, фантазіі, творчасці. Уважліва сочыць за здароўем і харчаваннем рабят, строга захоўвае санітарна-эпідэмічны рэжым.

У калектыве яе паважаюць як прафесіянала. А дома Марына Рыгораўна карпатлівая гаспадыня. Любіць гатаваць, вырошчвае садавіну і агародніну. У ліку яе захапленняў і вязанне, якому аддае вольную ад хатніх спраў хвіліну. Малодшую дачку Дашу вучыць  быць самастойным, добрым і карысным для грамадства чалавекам, умець адказваць за свае ўчынкі. Марына Рыгораўна ніколі не адказвае ў дапамозе людзям, бо клопат аб іх  – стымул яе жыцця.


Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *