Час кантролю над гіпертаніяй

Медыцына і здароўе

Артэрыяльная гіпертэнзія – гэта сучасная назва гіпертанічнай хваробы. Яна з’яўляецца самым распаўсюджаным захворваннем сардэчна-сасудзістай сістэмы. Сустракаецца ў 40 працэнтаў дарослага насельніцтва і больш чым у 50 працэнтаў людзей пенсійнага ўзросту.

На ранніх стадыях развіцця артэрыяльная гіпертэнзія можа працякаць бессімптомна. І звычайна людзі не выказваюць скарг. Каварства хваробы ў тым, што яна часта правакуе інсульт мозгу або інфаркт міякарда. Нездарма ў медыцынскіх колах артэрыяльная гіпертэнзія набыла назву “нямы забойца”.

Часта бывае так, што чалавек адчувае галавакружэнне, боль у патыліцы, насавы крывацёк, задышку, слабасць, шум у вушах. Тым не менш не надае гэтаму ніякага значэння. Устаноўлена, што ў 68 са 100  выпадкаў інфаркта міякарда і ў 75 са 100  выпадкаў інсульту ў хворых прычынай развіцця хваробы з’явіўся павышаны артэрыяльны ціск.

З мэтай распаўсюджвання інфармацыі і пашырэння ведаў сярод насельніцтва праводзіцца агульнарэспубліканская акцыя “Памерай свой ціск, скажы інфаркту і інсульту – не!” У рамках яе 23 верасня бягучага года з 13.00 да 15.00 на базе раённай бальніцы будзе працаваць тэлефон “гарачай лініі”. На ўсе пытанні па фактарах рызыкі развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі і аб яе прафілактыцы адкажа ўрач-тэрапеўт “хуткай” медыцынскай дапамогі Юрый Васільевіч Данчанка. Звяртацца па тэлефоне 3-32-86. Таксама ў гэты дзень у магазіне “Дзяжурны”, супермаркеце, аддзяленнях паштовай сувязі горада №№ 1, 2 для ўсіх жадаючых будуць працаваць пункты па вымярэнню артэрыяльнага ціску.


А. КАВАЛЕВА,
фельчар-валеолаг ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *