Новае ў пагранічным заканадаўстве


У райвыканкоме нараду з кіраўніцтвам арганізацый, служб раёна, на якія ўскладзены функцыі па ахове дзяржаўнай граніцы, абслугоўванню ў пагранічнай зоне аб’ектаў рознага прызначэння, правёў начальнік Гомельскага пагранічнага атрада палкоўнік А.В. Мароз. У ходзе размовы абмяркоўваліся пытанні рэалізацыі і правядзення дзяржаўнай пагранічнай палітыкі на тэрыторыі Хойніцкага раёна ў 2009 годзе.

Як паведамлялася, працягласць дзяржаўнай мяжы, якая праходзіць па тэрыторыі Гомельскай вобласці, складае больш за 615 км, з іх па Хойніцкаму раёну – 21 км (тэрыторыя ПДРЭЗ, зон адчужэння і адсялення ўздоўж ракі Прыпяць). У межах узаемадзеяння з адміністрацыяй Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка створана добраахвотная дружына па аказанню дапамогі ў ахове дзяржаўнай граніцы ў колькасці 59 чалавек.

Аператыўную службовую дзейнасць ажыццяўляюць яны ва ўмовах актыўнасці некаторых асоб, якія спецыялізуюцца на  браканьерстве, перамяшчэнні праз граніцу тавараў народнага спажывання без неабходнага дэкларавання, культывіраванні на тэрыторыі раёна наркаўтрымліваючых раслін з мэтай іх збыту сярод насельніцтва. За 8 месяцаў сёлета на Хойніцкім напрамку зафіксавана 12 парушэнняў пагранічнага рэжыму. Асноўным фактарам, аказваючым негатыўны ўплыў на развіццё аператыўнай абстаноўкі, застаюцца вынікі аварыі на ЧАЭС. Большасць парушальнікаў – жыхары сталіцы, якія займаліся браканьерствам.

У ходзе нарады адзначалася, што згодна з рашэннем Гомельскага аблвыканкома № 279 ад 31 сакавіка 2009 года пагранічная зона ў Хойніцкім раёне праходзіць па граніцы зон адчужэння і адсялення.

21 чэрвеня 2008 года ўступіў у сілу новы Закон Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай граніцы”. Цяпер  перад органамі пагранічнай службы стаяць больш шырокія задачы, пры гэтым ім прадастаўлена больш магчымасцей па складанню на парушальнікаў адміністрацыйных дакументаў, узбуджэнню крымінальных спраў. Нормы заканадаўства накіраваны на тое, каб дзяржаўная граніца была прывабнай для наведвання і перамяшчэння. Зацверджаны новыя ўзоры папярэджваючых знакаў “Пагранічная зона”, “Пагранічная паласа”, на якіх размешчана менш чытаемай інфармацыі. Пры гэтым устаноўленыя аншлагі старога ўзору застануцца ў эксплуатацыі да поўнага іх зносу. 

У пачатку бягучага года ўступіў у сілу арт. 35 “Уезд (уваход), часовае знаходжанне і перамяшчэнне ў пагранічнай зоне, пагранічнай паласе” Закона “Аб дзяржаўнай граніцы”. З мэтай яго асвятлення на пытанні карэспандэнта “ХН” адказаў начальнік аддзела арганізацыі прымянення сіл і сродкаў Гомельскага пагранічнага атрада В.М. Уклейка.

– Віктар Мікалаевіч, адкажыце, калі ласка, якія дакументы патрэбны жыхарам нашай краіны для ўезду ў пагранічную зону?

– Пашпарт і квітанцыя аб уплаце дзяржаўнай пошліны ў памеры 7000 рублёў (0,2 базавай велічыні). Есць катэгорыі грамадзян, якія ўязджаюць у пагранічную зону без уплаты дзяржаўнай пошліны (іх пералік прадугледжаны Указам Прэзідэнта № 125 ад 9.03.2009 г. “Аб некаторых пытаннях аховы дзяржаўнай граніцы ў Рэспубліцы Беларусь”). Тым, хто працуе ў пагранічнай зоне на аб’ектах рознага прызначэння, акрамя службовага пасведчання неабходна мець пры сабе пашпарт.

– Які парадак уезду ў пагранічную зону замежных грамадзян?

– Акрамя пашпарта ў іх правяраецца наяўнасць пропуска, які выдаецца органамі пагранічнай службы, у тым ліку і нашым, размешчаным у Гомелі па вул. Барысенка, 20.

– Пасля аварыі на ЧАЭС многія жыхары раёна змянілі месца пражывання. З Расіі, Украіны яны едуць на Радаўніцу на малую радзіму. Ці патрэбен ім такі пропуск?

– У абавязковым парадку пропуск патрэбен. Каб яго атрымаць, неабходна прадставіць у органы пагранічнай службы квітанцыю аб уплаце дзяржпошліны,  копію пашпарта і запрашэнне, заверанае натарыяльна, ад асобы, якая пражывае ў пагранічнай зоне. Калі родзічы ў пагранічнай зоне не пражываюць, а замежны грамадзянін хоча наведаць там магілы продкаў, то замест запрашэння для выдачы пропуска можна прадставіць даведку аб пахаванні блізкіх людзей у пагранічнай зоне. І паклапаціцца аб атрыманні гэтага дакумента трэба зараней – тэрмін выдачы пропуска складае 5 дзён. Пракансультавацца па ўсіх цікавячых пытаннях можна ў пагранічнай службе па тэлефонах: 8(0232)45-77-83 (Гомель), 8 (02347) 4-15-69 (Лоеў).

– Як вядома, няведанне законаў не вызваляе грамадзян ад адказнасці.

– Гэта так. Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за знаходжанне ў пагранічнай зоне без адпаведных дакументаў прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу да 20 базавых велічынь.


Запісала Ірына ЛУКАШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *