Рэквіем вёсцы Ізбынь


(Пачатак у № 72 «ХН»)


Хацелі вучыцца…


Нас не патрэбна было пад прымусам весці ў школу. Пачатковую адукацыю атрымлівалі, перацягваючы парты з хаты ў хату, бо школы не было. А каб закончыць сямігодку, хадзілі пешшу за сем кіламетраў у вёску Аўрамаўскую.

Многія з нас былі пераросткамі, бедныя бацькі нашы ледзьве зводзілі канцы з канцамі, а мы прарываліся праз фабрычна-заводскія, рамесныя вучылішчы ў вялікае жыццё. Каб трапіць у ФЗА, трэба было мець метрыкі, а каб паступіць у інстытут – такую раскошу, як пашпарт. Ды мала ў каго былі дакументы, якія засведчвалі асобу. Вёску нашу немцы спалілі, а жыхароў пагналі ў Германію. Запіс аб грамадзянскім стане насельніцтва рабіўся са слоў пасля вайны. Колькасць жыхароў зменшылася на колькасць загінуўшых на вайне або без вестак прапаўшых.

Многія былі прызваны ў армію, а пасля тэрміновай службы заставаліся на звышурочную, іншыя ехалі асвойваць цаліну, на Крайнюю Поўнач, ехалі ў бліжэйшыя гарады. Старыя, як і належыць, паміралі. І пусцела вёска, бо кожныя бацька і маці стараліся выправіць дзіця ў горад. І яны, сялянскія хлопцы і дзяўчаты, выбіваліся ў людзі.

Дачка карэнных ізбыньцаў Софія Рыгораўна Даўгалапцева (Пінчук) стала першай жанчынай-старшынёй калгаса ў раёне, а потым пайшла на павышэнне ў райвыканком. Зараз на пенсіі, жыве ў Гомелі.

Аляксей Іванавіч Казмярчук, мой аднакласнік, быў адным з лепшых вучняў школы ў Аўрамаўскай. Хаця і пераросткам, паступіў у Гомельскі аўтадарожны тэхнікум, закончыўшы яго, працаваў у Гомелі. Аляксандр Арсенцьевіч Янкоўскі жыў  у Мінску і працаваў на заводзе “Інтэграл”. Неаднаразова ўзнагароджваўся медалямі і граматамі. Памёр, пахаваны ў Мінску. Адольф Ільіч Казмярчук закончыў Стара-Аскольскі тэхнікум, адпрацаваў пяць год у Краснаярскім краі, сорак пяць – у Нарыльску геолагам і энергетыкам. Зараз на пенсіі, жыве ў г. Баранавічы.

Аўтар гэтых радкоў таксама пайшоў на штурм нялёгкіх шляхоў і апынуўся на стэпавых дарогах разбітага немцамі легендарнага Сталінграда. Працаваў, вучыўся, уздымаў горад з руін і папялішчаў, працаваў затым у Сібіры і Нарыльску і толькі з-за настальгіі вярнуўся ў дарагую Беларусь.

Мы былі вязнямі фашысцкіх канцлагераў, вучыліся пераросткамі, хадзілі за ведамі дзесяткі кіламетраў па глыбокаму снегу, у лютыя маразы ў самаробным абутку і зношаных бацькоўскіх целагрэйках, часта галадалі, але былі вясёлымі, цікаўнымі, жыццялюбівымі. Мы не ведалі лепшага жыцця і нам не было з чым яго параўнаць. Раслі з лесам, лугавымі кветкамі, але не “на лес гледзячы”.


Аляксандр ЧАРЭЙКА.


(Працяг будзе)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *