У будучыню – з надзеяй

Общество

Для судкаўчан спявалі Эдуард Ханок, «Купалінка» і выканаўца з Турцыі Рамір

Нашы юныя таленты на адной сцэне з вядомымі беларускімі артыстамі! Здавалася б, для пачынаючых хойніцкіх «зорачак» гэта мара. На днях яна стала рэальнасцю. І ўсё дзякуючы XXXV Міжнароднай сацыяльна-творчай праграме «У будучыню – з надзеяй».

Мэта маштабнага форуму – выяўленне адораных дзяцей, якія пражываюць на тэрыторыях, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы. Госці са сталіцы штогод прыязжаюць у наш раён, каб правесці майстар-клас для пачынаючых артыстаў, а таксама кастынг для ўдзелу ў фінальным этапе праекта.

Дзіцячая школа мастацтваў. І вось на сцэне яны – юныя таленты Хойнікшчыны. Іх пяцёра – Кірыл Голаў, Ірына Назаранка, Ягор Дземскі, Юлія Навакоўская і Паліна Лобан. Розныя галасы і рэпертуар, а падабенства ў адным – талент. Выступленні юных хайнічан уразілі членаў журы, таму яны ўсе прайшлі адбор і выступяць у верасні на сталічнай сцэне.

Але і гэта не ўсе сюрпрызы, якія падрыхтавалі для нашых жыхароў удзельнікі творчай праграмы. Яшчэ яны далі цудоўны канцэрт у аграгарадку Судкова. У мясцовым Цэнтры культуры і вольнага часу быў аншлаг, з радасным настроем сустракалі судкаўчане гасцей.

Перад імі выступіў Народны артыст Рэспублікі Беларусь Эдуард Ханок. Шчырыя зносіны з кампазітарам і выкананыя ім песні выклікалі сапраўдны фурор. Звонкія апладысменты і шчаслівыя ўсмешкі гледачоў былі таму пацвярджэннем. Публіка доўга апладзіравала і заслужанаму калектыву Рэспублікі Беларусь «Купалінка». Каларытныя артысты ўразілі: вакал, жывое інструментальнае суправаджэнне і харэаграфія былі на вышыні!

Нязменны ўдзельнік праекта, лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў Дзмітрый Шуканаў, літаральна з першых нот запаліў публіку. А нумар саліста-інструменталіста Белдзяржфілармоніі Андрэя Дзергая судкаўчане глядзелі з захапленнем і заміраннем сэрца. Яркі і эпатажны: менавіта такім запомніўся гледачам уладальнік прыгожага голасу Рамір – выканаўца родам з Турцыі.

Канцэрт прайшоў на адным дыханні. У яго завяршэнні душэўныя, добрыя словы прагучалі ў адрас жыхароў нашага раёна ад каардынатара праекта Кацярыны Копелевай.

«Чарнобыльскі шлях» – менавіта так раней называўся гэты праект. У апошнія пяць год ён некалькі змяніў звыклы фармат і назву – «У будучыню – з надзеяй». Але задачы форуму ранейшыя і яны вельмі карысныя.

Тысячы таленавітых дзяцей адзначаны за час існавання праграмы. Для многіх менавіта гэта мерапрыемства стала стартавай пляцоўкай у творчай кар’еры. Хто ведае: магчыма, і ў хойніцкай «пяцёрцы» атрымаецца падняцца на зорны алімп…

Наталля РЭВЯКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *