На людзях эканоміць нельга


Даўно мінулі тыя часы, калі, не задумваючыся, трацілі прыродныя багацці, ваду, электраэнергію. Цяпер кожны гаспадарлівы чалавек (і не толькі) задумваецца над тым, колькі заплаціць за тую або іншую паслугу і ці можна на нечым з’эканоміць. Энергазберажэнне стала адной з галоўных задач на дзяржаўным узроўні, тым больш пры сусветным эканамічным крызісе. Аб тым, як вырашаюцца пытанні эканомііі і беражлівасці на ПУП “Палескія сыры”, размова з галоўным энергетыкам прадпрыемства С.Д. ДЗЕМЧАНКАМ.

– Сяргей Дзмітрыевіч, раскажыце, калі ласка,  што ўяўляе праграма энергазберажэння на  прадпрыемстве?


– У назве Дырэктывы №3 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  ад 14.07.2007г.  увесь сэнс пытання: “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”. Іншымі словамі кажучы, усе  павінны эканоміць энергарэсурсы, каб заставацца незалежнымі. У  нас распрацоўваецца  план арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў па эканоміі цеплаэнергарэсурсаў на кожны год. У ім указваюцца чакаемы эканамічны эфект і тэрмін акупнасці новага абсталявання. Эканамічны эфект вымяраецца ў тонах умоўнага паліва ў год. Кілават-гадзіны, метры кубічныя – усё пераводзіцца ў адны адзінкі, каб было зручна падлічваць, параўноўваць.

– Што  ўжо выканана з запланаванага?

– Рэканструяваны кампрэсарны вузел на аміячна-халадзільнай устаноўцы і заменены састарэлыя кампрэсары на новыя. Замена лініі па вытворчасці казеіну з-за фінансавых праблем часова прыпынена. Фінансаванне пераведзена на іншыя мэты –  будзем устанаўліваць новы кацёл, рэканструяваць  кацельню. Новы  энергазберагаючы кацёл дазволіць эканоміць прыродны газ, што таксама адпавядае праграме энергазберажэння. Заменена сеткавая помпа, правялі яе выпрабаванні. Устанавілі рэгулюемы прывад на сілкавальную помпу ў кацельні і са жніўня ўжо атрымліваем эканамічны эфект. Замена незагружанага катла ДКВР-10/13 на кацёл меншай магутнасці перанесена на наступны год.

– Гэта што датычыць вытворчых памяшканняў. А як у службовых, дапаможных?

– Энергазберагаючыя лямпачкі зараз ва ўсіх кабінетах. Лямпы напальвання практычна не выкарыстоўваюцца. Энергазберагаючая  ў 20 ват свеціць як 100 ват, эканомія складае 80 працэнтаў. Хаця яны ў некалькі разоў даражэй, але акупляюцца прыкладна за 6 месяцаў.

Устаноўлена на  заводзе аўтаматычная сістэма ўліку электраэнергіі: фіксуюцца паказанні расходу электраэнергіі на бягучы час. З дапамогай гэтай сістэмы на сваім камп’ютэры магу кантраляваць узровень спажываемай электраэнергіі.

Для патрэб работнікаў на адміністрацыйным паверсе і ў кожным цэху ўстанавілі кулеры з чыстай халоднай і гарачай вадой.

Лічу, што на людзях эканоміць нельга. Трэба ўкараняць новае энергазберагаючае абсталяванне. Што і будзе прадугледжана ў плане арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў па эканоміі цеплаэнергарэсурсаў на наступны год, які будзе распрацоўвацца ў лістападзе.


Гутарыла Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *