Справа ўсяго жыцця


Сонца асвятляе зямлю, дае ёй цяпло і жыццё. Людзі, сагрэтыя сонечным цяплом, плённа працуюць дзеля сваёй Радзімы. Праца дастаўляе задавальненне, робіць людзей шчаслівымі. Як Кацярыну Мікалаеўну Штыхнову.

30 гадоў назад пераступіла яна парог комплексна-прыёмнага пункта ў вёсцы Партызанская (тады ён быў новабудоўляй) у якасці загадчыцы сельскай кропкі бытавога абслугоўвання насельніцтва. З таго часу прырасла душой і сэрцам да справы, як потым аказалася, справы ўсяго жыцця. Мяняўся час, вясковае жыццё то замірала, то зноў адраджалася, але нязменнай для Кацярыны Мікалаеўны заставалася жаданне працаваць, прыносіць карысць людзям.

Нягледзячы на цяжкасці, якія сустракаюцца ў кожнага чалавека, яна іх пераадольвала, дзякуючы цвёрдасці характару, мэтанакіраванасці.

Гэты комплексны прыёмны пункт быў, бадай, самым наведваемым месцам у Партызанскай. Сыпаліся заказы на пашыў вопраткі, працаваў майстар па рамонту абутку, цырульнік. З цягам часу ўмовы працы змяніліся. Цяпер мала хто наведвае швейнае атэлье нават у вялікім горадзе – на рынках і ў магазінах вялікі выбар розных мадэляў сукенак і касцюмаў. Значыць, вырашыла Кацярына Мікалаеўна, трэба нейкім чынам зацікавіць патэнцыяльных заказчыкаў.

– З гэтай мэтай я пайшла ў дамы вяскоўцаў, – гаворыць яна. – Цікаўлюся, які від бытавой паслугі ім патрэбен, афармляю заказ і стараюся прасачыць, каб ён быў выкананы своечасова і якасна. Цяпер, напрыклад, агітую жыхароў на пакупку пасцельнай бялізны айчыннай вытворчасці, расказваю пра вартасці вырабаў. І, ведаеце, колькасць кліентаў павялічваецца.

Кацярына Мікалаеўна Штыхнова – жаданы госць у кожным доме, бо яе ведаюць жыхары вёскі Партызанская і па грамадскай рабоце. З’яўляючыся на працягу двух скліканняў дэпутатам сельскага Савета, не аднаму выбаршчыку дапамагла ў вырашэнні жыццёвых праблем.

– Выконваючы заказы маіх землякоў, – падкрэслівае загадчыца КПП, – я, можна сказаць, дапамагаю ім нармальна жыць. Клопатаў дастаткова, але яны мне не ў цяжкасць. Асобна патрэбна сказаць аб дапамозе, якая не прапісана ў маёй службовай інструкцыі – гэта зносіны з адзінокімі і састарэлымі, сярод якіх і 90-гадовы ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Ільіч Харошка і ветэраны працы. Асабіста я ў ходзе гэтых зносін многа чаго для сябе пераняла.

Такія работнікі, як Кацярына Мікалаеўна Штыхнова, – сапраўдныя падзвіжнікі, на якіх зараз трымаецца бытавы сервіс на вёсцы. Стымул тут адзіны: прызнанне яе справы, такой важнай і неабходнай.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *