Мы на правільным шляху

Власть

Адбылося выязное пасяджэнне пастаяннай камісіі абласнога Савета дэпутатаў

Чарнобыльская аварыя стала для ўсіх беларусаў, і хайнічан у прыватнасці, выпрабаваннем на трываласць. Аднак абраная дзяржавай стратэгія дазволіла захаваць станоўчую дынаміку развіцця пацярпелых раёнаў, стварыць годныя ўмовы для жыцця людзей. Яркі таму доказ – наша прыгожая Хойнікшчына.

Гэта падкрэслівалі ўдзельнікі выязнога пасяджэння пастаяннай камісіі абласнога Савета дэпутатаў па аграрных пытаннях, экалогіі і праблемах пераадолення наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Госці праехалі па горадзе, паглядзелі, як вядзецца будаўніцтва малочна-таварнага комплексу КСУП «Судкова», наведалі Судкоўскі сельсавет і запаведнік. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар і намеснік старшыні райвыканкама Анатолій Гура падрабязна распавялі аб эканамічным патэнцыяле і сацыяльным развіцці раёна, а таксама аб вялікай дзяржаўнай падтрымцы.

Вось якімі думкамі і ўражаннямі дэпутаты падзяліліся ў завяршэнні паездкі:

Аляксандр МАТАРАС:

– За 35 гадоў у нашай краіне праведзена каласальная работа па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай трагедыі. Працягнуліся газіфікацыя жыллёвага фонду, будаўніцтва водаправодных сетак, аб’ектаў камунальнага і бытавога абслугоўвання, будаўніцтва і рэканструкцыя дарог і вуліц, уводзіцца ў эксплуатацыю новае, добраўпарадкаванае жыллё. Пастаянна вядуцца будаўніцтва і рэканструкцыя аб’ектаў сацыяльна-культурнай сферы. Дзяржава забяспечвае прадастаўленне ўсіх сацыяльных гарантый, кампенсацый і льгот. І сёння мы бачым, як дзякуючы зладжанай і карпатлівай працы атрымоўваецца не толькі захаваць многае з дасягнутага, але і дамагчыся новых вынікаў. На хойніцкай зямлі працягваюць жыць людзі, нараджаюцца дзеці, раён развіваецца. А самае галоўнае – жыхары шануюць тое, што маюць.

Вольга ЛУЦКО:

– Я атрымала сапраўднае задавальненне ад убачанага. Ацэнка работы самая высокая, прычым хайнічане здолелі годна прадставіць сябе ад самага пачатку і да канца практычнага мерапрыемства. Дзякуй за гасціннасць. Увожу з сабой шмат яркіх эмоцый. Мяне зацікавіў ваш запаведнік. Масштаб навуковых даследаванняў, якія праводзяцца ў зонах адчужэння і адсялення, сапраўды ўражвае. Наогул тут неверагодная атмасфера. Сюды хочацца вярнуцца, каб убачыць і даведацца больш аб гэтым унікальным месцы. І я абавязкова прывязу сюды на экскурсію свой калектыў – работнікаў Тураўскага малочнага камбіната. Мы з калегамі часта падарожнічаем па нашай найпрыгажэйшай краіне, і, пабываўшы ў вас, я зноў пераканалася, што цудоўнае побач. Ад нас усяго ў двухстах кіламетрах такія дзіўныя месцы. І яшчэ адзначу, што на Хойнікшчыне цудоўныя старшыні сельсаветаў – жанчыны-гаспадыні. Яны такія актыўныя, моцныя духам, паспяхова спалучаюць сям’ю і кар’еру, розум і чароўнасць, прыгажосць і мэтанакіраванасць. Зносіны з імі натхняюць.

Уладзімір МАЛІНОЎСКІ:

– Прызнаюся, што да вашага раёну ў мяне трапяткія пачуцці. Гэта радзіма маёй мамы – яна з вёскі Чэхі. У мяне радуецца душа за тое, што пацярпелыя зямлі не вымерлі, што дзяржава змагла зберагчы жыццё ў гэтых раёнах. Мы бачым комплексны падыход да вырашэння праблем на гэтых тэрыторыях. За гэтыя гады палешукі, у тым ліку хайнічане, даказалі, што ў іх па-сапраўднаму нязломны характар. Раён расквітае, развіваецца. Тут будуюць дамы, гадуюць дзяцей, дамагаюцца перамог, адкрываюць новыя аб’екты. А галоўнае багацце гэтай зямлі – людзі. Добрыя, працавітыя, з адкрытымі ўсмешкамі і любоўю да сваёй малой радзімы. Яны зараджаюць сваёй пазітыўнай энергетыкай, і, гледзячы на ўсё гэта, разумееш, што мы на правільным шляху.

Наталля РЭВЯКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *