У гасцях у Ніны і Сяргея Смалоўскіх

Добраўпарадкаванне

Здавалася б, чым яшчэ здзівіць? Але сярод хайнічан знаходзіцца ўсё больш людзей, якія паказваюць, што прыемна здзіўляць сваёй творчасцю магчыма.

Мы завіталі да гаспадароў Сяргея і Ніны Смалоўскіх – жыхароў вуліцы Пралетарская, 111а райцэнтра.

Сказаць, што тут прыгожа – гэта нічога не сказаць. Адчыняеш брамку і быццам трапляеш у нешта незвычайнае, казачнае, хочацца ўсё разглядваць, як на выстаўцы. Двор адразу заварожвае, прываблівае. Бо яго так упрыгожылі, абсталявалі, што вока не адарваць!

Гасцей дома сустракаюць гномы, буслы, жабы, вусені, ружовы фламінга, зайцы, воўк (з цікавай таблічкай). Сапраўдны заапарк! І ўсё гэта зроблена рукамі з дапамогай цэменту, гіпсу, пенапласту, галінак, нітак. Нават рыбак з вудачкай сядзіць. Як кажа Ніна Міхайлаўна, калі ёсць жаданне, настрой, то любая праца кіпіць. А калі ідэі з’яўляюцца, адразу ж іх хочацца ўвасобіць. Дзесьці ўбачыць непатрэбную дэталь у гаспадарцы, то выкарыстоўвае яе для сваіх падзелак. Бывае, што штосьці бярэ патрэбнае. Так, нядаўна ўзяла рыбацкі матрас мужа на адну дэталь. Канешне, ён крыху пасердзіўся.

У планах майстрыцы зрабіць каля фантана статую, або дзяўчыну з гарлачом ці зляпіць бабулю з дзядулям, якія займаюцца агароднымі справамі.

А яшчэ ў двары растуць кветкі: пятунні, ружы, ліліі, флоксы, лаванда, герань. Водар ад іх неверагодны! А ў спалучэнні з цікавымі падзелкамі тэрыторыя ўдвая становіцца прыгажэй.

«Гэта мая Міхайлаўна зрабіла», – кажа напрыканцы нашай размовы спадар Сяргей Васільевіч. Безумоўна, ганарыцца такой творчай жонкай.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *