Беларусь турыстычная: аграгарадок Юравічы, Калінкавіцкі раён

Беларусь турыстычная

Расказвае Алена НЯЧАЕВА:

– Кожнае лета мы сваёй дружнай сям’ёй адпраўляемся на адпачынак да ракі Прыпяць.

Гэты год не стаў выключэннем. Праязджаючы міма «галоўнай гары» аграгарадка Юравічы, звярнулі ўвагу, што рэканструкцыя музея пад адкрытым небам ужо практычна завершана. Рашэнне прынята! Праз пару хвілін наша каманда дапытлівых турыстаў накіроўвалася да таямнічага месца – старажытнай стаянкі першабытнага чалавека.

Каля падножжа гары нас сустрэў яркі шчыт, на якім размешчана турыстычная карта Калінкавіцкага раёна. Доўгая лесвіца павяла ўверх, дзе ўзвышаецца незвычайны музей, абсталяваны назіральнай пляцоўкай. Стылізаваныя буданы першабытных людзей і помнік у выглядзе біўняў маманта маляўніча перадавалі атмасферу старажытнага часу.

Неабходна згадаць, што ў Юравічах 26 тысяч гадоў да нашай эры знаходзілася стаянка першабытнага чалавека – адна з самых старажытных на тэрыторыі Беларусі. Яе сляды выяўленыя мясцовымі жыхарамі ў 1929 годзе. На глыбіні 5-6 метраў былі знойдзеныя косткі маманта, якія сталі сапраўдным здабыткам музея.

Падняўшыся на самую высокую кропку ў Юравічах, адразу становіцца зразумела, чаму старажытны чалавек абраў для жыхарства менавіта гэтае месца. Маляўнічая панарама роднай зямлі захоплівае дух: велічныя пагоркі, стужка найпрыгажэйшай Прыпяці і таямнічы змрок густога лесу.

На гэтым наша падарожжа не скончылася.

Яшчэ адна, не менш вядомая славутасць Юравіч, гэта – комплекс езуіцкага калегіума з касцёлам XVIII стагоддзя. Комплекс уключае ў сябе касцёл і корпус калегіума, аб’яднаных у адзіную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Прызнацца, манастыр умее ўразіць нават пабачыўшага рознага па свеце вандроўніка або прыхільніка дойлідства. Архітэктурныя вартасці Юравіцкага храмавага комплексу велічныя і ўнікальныя па сваёй прыгажосці і тэхніцы ўвасаблення. Існуе легенда пра падземныя хады, якія злучаюць горад Мазыр і Юравічы. Зараз працягваецца аднаўленне рэстаўратарамі храма ў тым выглядзе, у якім ён быў узведзены першапачаткова.

Разам са стаянкай першабытнага чалавека і гарадзішчам X-XII стагоддзяў касцёл уваходзіць у турыстычны маршрут «Залатое кальцо Гомельшчыны».

Наведванне музея пад адкрытым небам і архітэктурная прыгажосць храма зрабілі нашу паездку незабыўнай.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *