Тлумачыць свяшчэннік

Образование

У рэдакцыю паступіла некалькі пытанняў рэлігійнага зместу. Адказы на іх дае Благачынны Хойніцкай акругі протаіерэй Уладзімір Козак.

– Дзе ў спальні павінна знаходзіцца ікона?

– Традыцыйна дома ў хрысціян знаходзяцца іконы Божай Маці, Збавіцеля і Міколы Цудатворца. Добра, калі ёсць ікона свайго святога. Наогул жа пажадана, каб абразы святых былі ў кожным пакоі, і асабліва ў дзіцячым. Моляцца на абразы перад ядой на кухні. У спальні ж звычайна вешаюць вянчальны абраз. Па традыцыі яго трэба размяшчаць ля ўзгалоўя. Але гэта не з’яўляецца абавязковым патрабаваннем. Іконы могуць знаходзіцца і не ў куце, а, да прыкладу, над сталом, дзе дзіця вучыць урокі.

– Што рабіць са старымі абразамі?

– Старыя абразы, што з часам выцвілі і струхнелі, спальваюць. А попел кідаюць у праточную ваду ці закопваюць у месцах, дзе не ездзяць машыны, не ходзіць жывёла. Можна закапаць пад яблынькай. Тое ж самае трэба рабіць і з крыжамі, што засталіся пасля ўстаноўкі помнікаў. А яшчэ крыж, зняўшы таблічку, можна паставіць на старую магілку, дзе яго няма.

– Ці можна выкарыстоўваць паваленыя на могілках дрэвы або пасля прарэджвання ў якасці паліва? Бо, пэўна ж, нельга нешта везці або несці да дому з могілак?

– Могілкі – гэта святое месца. І адносіцца мы да яго павінны з асаблівым пачуццём. Калі ж па неабходнасці выразалі дрэвы ці яны павалены ветрам, то іх звычайна выкарыстоўвалі для ацяплення культавых памяшканняў.

– Здараецца, што незнаёмыя людзі раздаюць літаратуру, запрашаюць да сябе. Як да гэтага адносіцца?

– У хрысціян ёсць храм, дзе іх заўсёды чакаюць. У царкве можна набыць неабходную літаратуру. І ў той жа час ніхто не прымушае чалавека некуды ісці. У кожнага ёсць выбар. Таму навязваць нейкія кнігі або погляды – няправільна. У такіх выпадках раю адказваць: “Прабачце, але я хрысціянін (хрысціянка) і хаджу ў храм”. Не патрэбна і проста так браць літаратуру, а потым думаць, што з ёю рабіць.

– Чаму святкаванне праваслаўнага і каталіцкага Вялікдня па часу не супадае, а калі супадае, то бывае гэта рэдка?

– Мы святкуем Вялікдзень у першую нядзелю пасля веснавога раўнадзенства, католікі – у дзень веснавога раўнадзенства. Расходжванне ў датах праваслаўнага і каталіцкага святаў пачалося з 1582 года, калі было ўведзена новае летазлічэнне – Грыгарыянскі каляндар. Руская Праваслаўная Царква па-ранейшаму карыстаецца Юліянскім календаром. Вось чаму часам каталіцкі Вялікдзень супадае з праваслаўным, а ў некаторыя гады розніца даволі вялікая.



Падрыхтаваў Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *