Наташа і Марсель: ваенны і мірны лёс

Да Дня Вялікай Перамогі

IMG_9034Жанчыне самой прыродай наканавана галоўная ўласцівасць – міласэрнасць. Ёсць і іншыя словы – сястра, жонка, сябар і самае высокае – маці. Жанчына і жыццё – словы-сінонімы.

На самай страшнай вайне ХХ стагоддзя жанчыне давялося змагацца супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гэта была велізарная ахвяра, прынесеная ёю на алтар Перамогі. І бессмяротны подзвіг, усю глыбіню якога мы з гадамі мірнага жыцця спасцігаем. Усенародным стаў партызанскі рух, у партызанскіх атрадах нароўні з мужчынамі змагаліся мужныя савецкія патрыёткі. Аб адной з іх, жыхарцы нашага горада Аляксандры Міхайлаўне Барысенка, гэты расказ. Ён аб мужнасці, душэўнай прыгажосці савецкай падпольшчыцы і французскага патрыёта-антыфашыста, аб вернасці высакародным чалавечым ідэалам.
Родам Аляксандра Міхай-лаўна з Міншчыны, там з’явілася на свет у 1920 годзе ў мнагадзетнай сям’і, у якой выхоўвалася дзесяць дзяцей, бацька працаваў на чыгунцы. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны была ўжо замужам, закончыла курсы машыністак. Ужо на другі дзень вайны прызвалі ў рады Чырвонай Арміі яе мужа Пятра Ігнацьевіча. Мостабудаўніку па прафесіі, на фронце яму давялося падрываць масты, каб спыніць рух гітлераўцаў, а пасля вайны – зноў будаваць дарогі і масты ў розных месцах былога СССР. З Латвіі сям’я трапіла ў наш горад, куды П.І. Барысенка быў накіраваны ў якасці галоўнага інжынера ДЭУ-155.
Аляксандра Міхайлаўна разумела, што сядзець склаўшы рукі ў такі час нельга. Летам 1942 года яна ўжо мела сувязь з партызанскім атрадам «Разгром», а таксама ўваходзіла ў склад смалявіцкіх патрыётаў-падпольшчыкаў. Валодала нямецкай мовай, па заданні камандавання атрадам пад імем Наташа ўладкавалася кухаркай на шутцпункт (нямецкі ахоўны пункт) «Плісса». Ідучы на першую сустрэчу з партызанамі, было вельмі страшна, трэба было захоўваць правілы канспірацыі. І колькі б разоў ні рабіла гэта, яна так і не звыклася са страхам. Баялася не столькі за сябе, колькі за сваіх родных, бо сваімі дзеяннямі магла паставіць іх пад удар, фашысты жорстка распраўляліся з родзічамі тых, хто дапамагаў партызанам.
Маючы пропуск-аусвайс на шутцпункт, Наташа збірала даныя аб руху германскіх воінскіх эшалонаў, распаўсюджвала лістоўкі, здабывала для параненых партызан медыкаменты, а таксама перапраўляла ў атрад боепрыпасы.
Але галоўнай яе мэтай быў замах на гауляйтэра Кубэ. За гэтым фашысцкім вырадкам некалькі месяцаў сачылі падпольшчыкі Мінска. Чакаўся яго прыезд у Смалявічы. Наташа праз варожыя пасты пранесла з атрада пісталет і чакала гэтага прыезду, каб, ахвяруючы сабой, выбраць зручны момант і забіць Кубэ. Аднак прыезд быў адменены. У хуткім часе кат усё роўна быў знішчаны ў Мінску. І хоць зрабіла гэта не Наташа, але колькі мужнасці і смеласці трэба было мець, каб рашыцца на правядзенне такой адказнай аперацыі. Яна выдатна разумела, што ідзе на верную смерць. Але дзяўчыну гэта не стрымлівала, настолькі вялікай была яе нянавісць да ворага.
Тут жа, на штуцпункце, Наташа пазнаёмілася з французам Марселем, яе равеснікам, яго бацька таксама быў чыгуначнікам. Салдат рэйху, ён штодзённа разам з двума немцамі рабіў агляд стану чыгуначнага палатна ў напрамку Мінска. Гледзячы на тыя зверствы, што ўчыняюць фашысты на акупіраванай тэрыторыі, ведаючы, што і на яго радзіме гаспадараць немцы, расстрэльваюць мірных жыхароў, Марсель выношваў жаданне звязацца з партызанамі. Камандзір атрада паставіў умову, каб Марсель здабыў схему агнявых пазіцый і агнявых загарод шутцпункта. Калі Наташа з гэтымі звесткамі 1 лістапада 1943 года накіроўвалася да партызан, яе спынілі свае землякі-паліцэйскія. Як яна ні прасілася ў іх, тыя вырадкі здалі яе ў гестапа. Пры вобыску ў арыштаванай былі знойдзены 24 патроны да пісталета «парабелум» і схемы. Па почырку было ўстаноўлена, што схемы начарціў салдат ахоўнай каманды шутцпункта Марсель Сазі, падданы рэйха, ураджэнец французскага горада Саргемін. Карыстаючыся момантам, калі немец, які рабіў допыт, выйшаў, Наташа праглынула паперы з адрасамі явачных кватэр падпольшчыкаў.
Многа здзекаў давялося вытрымаць падпольшчыцы пасля арышту. Але аб сваім жыцці яна не думала. Яе хвалявала, як выратаваць салдата Марселя Сазі.

IMG_9040
…Калі старшы паліцэйскі па мянушцы Шакал прывёў яе на чарговы допыт, Наташа ўбачыла бледнага ад хвалявання Марселя, які стаяў навыцяжку перад штурмфюрэрам. Кіўнуўшы на Марселя, Зальдман цярпліва тлумачыў, што саўдзельнік Наташы хоча жыць і таму сказаў, што яго паказанні аб невіноўнасці кухаркі – гэта няпраўда. На што Марсель абурана выкрыкнуў, каб тая не верыла гэтаму гестапаўскаму шпіку. Зальдман кіўнуў свайму паплечніку Шакалу, каб той пагаварыў з Наташай, і тут жа яе плечы абпалілі ўдары: адзін, другі…
Раптам удары спыніліся. Павярнуўшы галаву, Наташа ўбачыла скурчыўшагася на падлозе Шакала, якога раз за разам ярасна сцябаў плёткай Марсель, уперамежку лаючыся пры гэтым па-нямецку і французску самымі непатрэбнымі словамі. Наташа спужана скасіла вочы на Зальдмана. Той назіраў за збіваннем паліцая і ўсміхаўся. Калі Шакал паскардзіўся начальніку гестапа, маўляў, за што яго так пабіў арыштаваны, пачуў у адказ, што Шакал не мае гонару абараняць сваю годнасць, таму што годнасці гэтай у яго няма, у адрозненне ад француза.
Пасля гэтага допыту Наташа была этапіравана ў мінскую турму, Марсель быў прыгавораны да расстрэлу, у ноч перад смяротнай карай збег, змагаўся ў партызанскім атрадзе імя Кутузава, якім кіраваў у далейшым генеральны дырэктар аб’яднання «БелаўтаМАЗ» Іван Міхайлавіч Дзёмін.
У 1944 годзе атрад перажыў нямецкую блакаду Палікскіх балот, пасля вызвалення Беларусі сярод жывых партызан Марселя не было, і яго прозвішча было занесена на брацкую магілу загінуўшых аднапалчан у вёсцы Юр’ева на Міншчыне. Аб гэтым парыжскі інжынер Марсель Сазі прачытаў у газеце «Советская Белоруссия», якую выпісваў будучы членам таварыства «Францыя-СССР». Як аказалася, яму ўдалося вырвацца з блакады, але ён трапіў у рукі карнікаў і адпраўлены ў канцлагер пад Берлінам, адкуль быў вызвалены савецкімі войскамі.
Наташа вытрымала жудасныя здзекі ў мінскай турме гестапа. Не дабіўшыся прызнання, немцы адправілі яе ў фашысцкі канцлагер Аушвіц – тэрыторыю смерці з надпісам на варотах ада «Праца робіць свабодным». Шлях да свабоды адкрывалі печы крэматорыяў. Тут загінулі 2 мільёны чалавек. Такі лёс чакаў і нашу патрыётку, але ёй цудам удалося выжыць: выратавала яе немка, якая працавала тут поварам, яна дабілася пераводу Наташы ў канцлагер пад Берлінам, адкуль была вызвалена амерыканцамі.
Марсель Сазі неаднаразова прыязджаў у Беларусь на сустрэчу са сваімі аднапалчанамі, але галоўнай мэтай гэтых сустрэч быў пошук Наташы. Вестку аб тым, што Наташа знайшлася, ён атрымаў вяртаючыся дамоў на станцыі Брэст. У купэ да яго зайшоў вайсковец-пагранічнік і сказаў, што пазванілі з Мінска і сказалі, што Наташа знайшлася, жыве яна ў Гомельскай вобласці, г. Хойнікі, вул. Чырвонаармейская, 22 – Аляксандра Міхайлаўна Барысенка.
Па гэтым адрасе пачалі прыходзіць пісьмы з Францыі, у адным з іх Марсель назначыў Аляксандры Міхайлаўне спатканне ў Маскве на Чырвонай плошчы 18 жніўня 1977 года. І ў гэтым сваім узросце яны былі вельмі прыгожыя: яна мініяцюрная, цёмнавокая, ён – блакітнавокі сівы бландзін. Потым Марсель прыязджаў некалькі разоў у Хойнікі, адзін і са сваёй сястрой Генрыетай. Калі здарылася катастрофа на ЧАЭС, Марсель паслаў тэлеграму, у якой паведаміў, што афармляе візу на прыезд Аляксандры Міхайлаўны ў Парыж.
На той час і Марсель Сазі, і Аляксандра Барысенка аўдавелі, планавалі сумеснае жыццё, ужо выбралі і домік у Ніццы. Але вярнуўшыся дамоў, Аляксандра Міхайлаўна катэгарычна адмовілася ад пераезду.
Гісторыя гэтага рамантычнага кахання закончылася ў 1988 годзе. Згодна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР грамадзянін Францыі Марсель Сазі быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. Атрымаць яго Марсель не паспеў – 14 верасня яго сэрца біцца перастала.
За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з ворагам, Аляксандра Міхайлаўна Барысенка таксама ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені і медалём «За адвагу». Яе ўжо няма ў жывых, пахавана ў 2000 годзе, але імя адважнай партызанкі-падпольшчыцы навечна застанецца ў ліку беларускіх патрыётаў.

Клаўдзія Босак.
Аўтар выказвае вялікую падзяку дачцы А.М. Барысенка – Алене Пятроўне Хамяковай за прадастаўленыя фотаздымкі і расказ аб сваёй маці.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *