Юнакі арыштаваны за захоўванне спайсу


IMG_2272Рана ці позна ўсе метады пераканання заканчваюцца, і без радыкальных мер ужо не абысціся. Спачатку аб недапушчэнні супрацьпраўных паводзін, у тым ліку звязаных з абаротам наркотыкаў, падлеткаў папярэджвае школа, медыкі, праваахоўнікі.

Затым паводзіны парушальнікаў разглядаюць на пасяджэннях інспекцыі РАУС і камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. І там імкнуцца дастукацца да свядомасці маладога чалавека, звяртаюць яго ўвагу на лёгкасць «зламаць» сваю будучыню і складанасць выправіць памылку. Нарэшце, калі ўсё гэта становіцца марнымі намаганнямі, і хлопец ці дзяўчына аказваюцца «героямі» супрацьзаконнай авантуры, небяспечнай для іх і равеснікаў, павучанні, перасцярогі і ўгаворы заканчваюцца, маладога парушальніка па закону прыцягваюць да адказнасці.

Відавочна, размовы з моладдзю на тэму небяспекі наркотыкаў, адпаведныя відэафільмы, дзе паказаны наступствы ўжывання спайсаў і пагражальныя лічбы смяротных выпадкаў, уздзейнічаюць не на ўсіх. Тады адбываюцца так званыя паказальныя арышты. Як гэта і было на мінулым тыдні ў цэнтры культуры г. Хойнікі. Там у ходзе сур’ёзнай размовы з удзелам пракурора раёна, кіраўнікоў РАУС і Следчага камітэта з навучэнцамі гарадскіх школ і прафесійнага ліцэя два хлопцы былі ўзяты пад варту і накіраваны ў ізалятар часовага знаходжання да судовага пасяджэння. Юнакі абвінавачваюцца па артыкулу 328 ч. 1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за незаконнае захоўванне псіхатропных сродкаў тыпу спайс. Ім пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў ці пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў.

Па словах пракурора Хойніцкага раёна М.Л. Беларусава, згодна з Дэкрэтам № 6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў», які ўступіў у сілу 4 лютага гэтага года, адказнасць за збыт наркотыкаў прадугледжана з 14-гадовага ўзросту, а наркагандляроў могуць пазбавіць волі на 25 гадоў. За продаж ці перадачу наркотыкаў непаўналетняму прадугледжана да 15 гадоў пазбаўлення волі.

У час сустрэчы юнае пакаленне перасцярагаў начальнік аддзела РАУС В.А. Котчанка. Па яго словах, для наркамана, які ўжывае спайсы, штодзённая патрэба складае да 10 доз, кожная з іх коштам прыкладна па 200000 рублёў. Зразумела, што такіх грошай у падлетка няма. Адзіны выхад для залежнага, са зламанай свядомасцю чалавека, – здабыць іх супрацьзаконным спосабам. Такім чынам расце колькасць злачынстваў, прамы шлях наркамана – у турму.

Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Гомельскага аблвыканкама Я.Г. Міткевіч адзначыў, што такія жорсткія меры з надзяваннем наручнікаў на парушальнікаў спатрэбіліся для прафілактыкі магчымых парушэнняў, каб моладзь задумалася, ці трэба ламаць сабе лёс, ці трэба паддавацца на ўгаворы стаць дарослым, паспрабаваўшы на сабе дзеянне наркотыкаў. Дарэчы, залежным чалавек становіцца пасля адной такой спробы.
Жыццё даецца адзін раз і не трэба разменьваць яго на хвілінныя слабасці.

Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *