Па апошняму слову тэхнікі

Сельское хозяйство

Наша газета ўжо паведамляла аб тым, што ў пачатку кастрычніка ўступіў у дзеянне новы жывёлагадоўчы комплекс у сельгаспрадпрыемстве імя Мележа. Зараз жа раскажам падрабязней аб гэтым сапраўдным цудзе жывёлагадоўчай галіны.

На комплексе ўтрымліваецца 720 галоў жывёлы, з якіх на сённяшні дзень доіцца 420. Каровы будуць знаходзіцца на тэрыторыі комплексу круглагадова. Для гэтага тут створаны ўсе умовы: прасторныя, чыстыя памяшканні, якія і хлявамі назваць неяк няёмка, такія ж прасторныя кашары на глыбокім падсціле, агромністыя вокны ў памяшканнях з жалюзямі, якія можна па патрэбнасці прыкрываць і расчыняць, і якія абсталяваны сеткамі супраць мух і авадоў, празрысты купал над галавой, які дазваляе эканоміць значную колькасць кілават-гадзін электраэнергіі, дастатковы запас кармоў – сенажу, сіласу, сена, буракоў, камбікармоў, жмыху. А беспрывязное ўтрыманне, цёплая падсцілка і пастаяннае багацце кармоў, як у кашары, так і ў памяшканнях, робіць утрыманне жывёлы на комплексе камфортным і спакойным.

Аднак больш за ўсё ўразіла даільная зала. Сваёй стэрыльнай чысцінёй, зіхаценнем пліткі і сайдынгу, лямпамі дзённага святла і высокатэхналагічным абсталяваннем, якое выклікае захапленне адным толькі сваім выглядам. А калі паслухаў расказ начальніка комплексу Аляксандра Іванавіча Малочкі (ці не праўда, падыходзячае прозвішча для работы ў малочнай галіне), то падумаў аб тым, як цяжка будзе перадаць у газетным матэрыяле ўсю разумнасць і эфектыўнасць гэтых зіхацячых свежымі заводскімі фарбамі апаратаў і датчыкаў.

Уся зала падзелена на 2 секцыі па 10 галоў. Іх абслугоўваюць па два аператары машыннага  даення. Яшчэ двое ў гэты дзень свабодныя ад працы і, такім чынам, кожная з іх у адпаведнасці з графікам мае па тры выхадныя дні на тыдні.

Пасля таго як 20 кароў зайшлі ў залу, кожная з іх становіцца на сваё месца для даення. Аператары даення знаходзяцца ніжэй узроўню падлогі, што вельмі зручна – не трэба поўзаць на ўсколенцах для таго, каб агледзець вымя каровы і падключыць даільныя апараты, бо ўсё гэта можна зрабіць стоячы ў поўны рост. Пасля таго як карова стала на месца, аператар абмывае вымя спецыяльным аўтадожджыкам з цёплай вадой, напор на якім рэгулюецца накшталт таго як гаспадыні апырскваюць вазоны – проста і зручна.

Першыя струменьчыкі малака абавязкова зліваюцца для арганалептычнага аналізу ў спецыяльныя кружкі і толькі потым, калі ў малацэ не выяўлена адхіленняў, падключаюцца даільныя апараты. Малако, адабранае для проб, а таксама ад кароў з траўміраваным вымем (яны дояцца асобна ад астатніх), у флягах развозіцца па іншых фермах.

Надой ад кожнай каровы паказваюць аўтаматычныя датчыкі, якімі абсталяваны ўсе індывідуальныя месцы для даення.

Малако з гэтых месц па малакаправоду паступае ў малакапрыёмнік і толькі потым праз сістэму фільтраў накіроўваецца ў малочны блок. Тут дзейнічае свая сістэма ачысткі – 8  чорных пластыкавых труб са здымнымі аднаразовымі фільтрамі, якія двойчы мяняюцца пакуль ідзе даенне. Робіцца гэта шляхам аўтаномнага адключэння кожнага з іх ад сістэмы і займае не больш, чым паўмінуты.

Пасля праходжання праз фільтры малако па шлангах падаецца на халадзільнікі. У адпаведнасці з камп’ютэрнай праграмай двум халадзільным ёмістасцям (па 8 тон кожная) зададзена аптымальная тэмпература ахалоджвання малака – 4,6 градуса. І толькі пасля гэтага па двух шлангах (зноў жа з лаўсанавымі фільтрамі на канцах) малако заліваецца ў малакавоз. Прычым, за 15 мінут запампоўваецца 5 тон малака.

Здзіўляе працэс мыцця халадзільных ёмістасцей, а таксама малакаправоднай сістэмы: усё гэта робіцца аўтаматычна. Разумная апаратура сама награвае ваду да неабходнай тэмпературы і сама ж дадае ў раствор вызначаную колькасць кіслаты і шчолачы. Халадзільнікі пасля кожнага выкарыстання аўтаматычна прамываюцца аж 22 разы вадой рознай тэмпературы і з дабаўленнем рознай колькасці кіслаты або шчолачы.

Зразумела, што пасля такой ачысткі малако з малочнатаварнага комплексу ў Тунеўшчыне ідзе або вышэйшым гатункам, або гатункам “Экстра”.

Цікава прадумана і асемяненне кароў. Кожная з іх мае ашыйнік са спецыяльным чыпам. І калі для каровы надыходзіць час асемянення, ён пасля даення падае сігнал на пульт і аўтаматыка зачыняе перад рагуляй шлях у агульны кароўнік, адначасова расчыняючы перад ёй дзверы ў пакой для штучнага асемянення, дзе таксама ёсць усё неабходнае. Пасля двухразовага асемянення карова знаходзіцца ў спецыяльным памяшканні пункта яшчэ 12 гадзін, дзе для яе ёсць корм, вада і соль.

На сённяшні дзень на комплексе штодзённа надойваюць па 5 тон малака за суткі. Але гэта толькі палова яго магутнасці і, па словах майго субяседніка А.І. Малочкі, зараз стаіць задача хутчэйшай адаптацыі кароў да новых умоў утрымання і даення, іх сарціроўкі па сутачнаму надою і выбракоўцы. Пасля гэтага можна выходзіць і на выкананне задачы-мінімуму – вытворчасці не менш чым па 10 тон малака за суткі. Аднак і гэта яшчэ не мяжа, бо кожная з халадзільных ёмістасцей разлічана, як мы памятаем, на 8 тон.

Усе ўмовы створаны для абслуговага персаналу, які складаюць 16 чалавек: утульныя раздзявалкі, душавыя, пакой адпачынку, па два камплекты з густам пашытага спецадзення для кожнага работніка.

Зараз даводзіцца да ладу яшчэ адно памяшканне – радзільнае аддзяленне, і пасля яго пуску комплекс поўнасцю апраўдае свой “комплексны” статус і запрацуе на поўную магутнасць. Аднак комплекс у Тунеўшчыне – гэта толькі першая ластаўка, бо кіраўніцтвам раёна пастаўлена задача мець такое ж падраздзяленне малочнай галіны жывёлагадоўлі ў кожнай з 8 гаспадарак раёна. І хаця народная мудрасць сцвярджае, што адна ластаўка вясны не робіць, будзем спадзявацца на тое, што працэс пайшоў і ў хуткім часе такія ж комплексы перастануць выклікаць здзіўленне і захапленне, а стануць звыклай і паўсядзённай рэальнасцю.


Віктар НАЗАРАНКА.
На здымках:
так выглядае сучасная даільная зала;
новымі ўмовамі работы задаволены
аператары машыннага даення
Ала Рыгораўна Баглей (здымак справа)
і Яўгенія Анатольеўна Дземчанка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *