Толькі сумеснымі намаганнямі

Спорт

ВІЧ-інфекцыя – захворванне, якое выклікаецца вірусам імунадэфіцыту чалавека. Характарызуецца павольным цячэннем, паражэннем імуннай і нервовай сістэм, з наступным развіццём на гэтым фоне вірусных, бактэрыяльных і грыбковых інфекцый, якія прыводзяць да лятальнага зыходу. Ад ВІЧ да з’яўлення СНІДу можа прайсці ад 2 да 15 год. СНІД – гэта тэрмінальная фаза ВІЧ-інфекцыі.

Эпідэмічная сітуацыя па ёй у Гомельскай вобласці працягвае заставацца складанай і напружанай. На 1 лістапада 2009 года ВІЧ-інфіцыраваных было 5444. Найбольшая колькасць выпадкаў зарэгістравана ў Светлагорскім раёне (2690), Жлобінскім (901), г. Гомелі (637), Рэчыцкім раёне (305), г. Мазыры (204), Акцябрскім раёне (174), Калінкавіцкім (187), Гомельскім (91). У астатніх раёнах ад 3 да 31 выпадку.



У Хойніцкім раёне зарэгістравана 14 ВІЧ-інфіцыраваных (з іх 4 выяўлены ў 2009 годзе), 4 хворыя памёрлі, адзін выбыў за межы раёна.



Пераважная большасць ВІЧ-інфіцыраваных – гэта маладыя людзі ва ўзросце да 30 год.

Пастаянна павялічваецца колькасць асоб, інфіцыраванне якіх адбылося ў выніку сексуальных кантактаў. Распаўсюджванне ВІЧ-інфекцыі сярод жанчын прыводзіць да павелічэння колькасці дзяцей, народжаных ад  інфіцыраваных маці. Усяго ў вобласці зарэгістравана 129 цяжарнасцей ад ВІЧ-інфіцыраваных жанчын у студзені-кастрычніку 2009 года.

Прыпыніць хвалю эпідэміі можна толькі сумеснымі намаганнямі ведамстваў, прадпрыемстваў, арганізацый. Але, на жаль, не ўсе арганізацыі ўдзяляюць належную ўвагу гэтай праблеме (афармленне месц масавага знаходжання насельніцтва, вонкавае афармленне будынкаў, транспарту).

Санітарная асвета насельніцтва, асабліва моладзі, адыгрывае першаступенную ролю. На базе ўстановы “Хойніцкі райЦГЭ”  працуе тэлефон даверу (2-20-89), па якому можна пракансультавацца па пытаннях прафілактыкі ВІЧ/СНІД, а таксама ананімна абследавацца ў раённай паліклініцы.

Кожны з нас можа ўнесці свой уклад у папярэджанне распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі. Абарона сябе і іншых ад гэтай хваробы і нават проста размовы аб СНІДу – усё будзе садзейнічаць захаванню здароўя насельніцтва.


Н. ЛАГВІНЕЦ,
галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *