Цішкевічы — другія ў вобласці


11 снежня ў Гомельскім гарадскім цэнтры культуры адбыўся заключны этап абласнога конкурсу “Лепшая маладая сям’я Гомельшчыны-2009”. Удзел у ім прынялі 6 сем’яў – пераможцы занальных адборачных тураў з Ельскага, Петрыкаўскага, Рэчыцкага, Светлагорскага, Хойніцкага раёнаў і Чыгуначнага раёна г. Гомеля. Наш раён прадстаўляла маладая мнагадзетная сям’я Цішкевічаў.

Традыцыйна перад пачаткам конкурсу ўдзельнікі прадставілі журы і гледачам творчыя выстаўкі, якія адлюстроўваюць жыццё і быт сем’яў.

Ва ўсіх чатырох этапах конкурсу хайнічане атрымалі высокія ацэнкі журы і прызнанне гледачоў. Дапамагла ім у гэтым і падтрымка землякоў. Работнікамі АСП “Каапнарыхтпром” былі прыгатаваны духмяны каравай і грыбкі па-хойніцку. У “Інтэлект-сям’я-шоу” на каверзныя пытанні вядучых Цішкевічам дапамагала адказваць настаўніца дзяржаўнай гімназіі г. Хойнікі Вікторыя Грытчанка.

Адным з самых цікавых і ў многім вырашальным стаў творчы конкурс, які яшчэ раз пацвердзіў, што маладыя сем’і Гомельшчыны – таленавітыя і не падобныя адна на адну.

Уражвала разнастайнасць жанраў: ад выканання песень пад акампанемент гітары (сям’я са Светлагорска) да цыркавых нумароў (сям’я з Гомеля). Хайнічане выбралі народную тэматыку, выклікаўшы ў гледачоў бурныя апладысменты песняй і вясёлымі прыпеўкамі.

Па выніках усіх конкурсаў сям’я Цішкевіч заняла другое месца, уступіўшы ўсяго некалькі балаў прадстаўнікам Светлагорска. На трэцім месцы – гамяльчане, чацвёртым – сям’я з Рэчыцы, пятае падзялілі паміж сабой прадстаўнікі Ельска і Петрыкава.

Усе пераможцы атрымалі сертыфікаты на буйныя грашовыя прызы, мяккія цацкі і кветкі, якія ўручыў старшыня журы конкурсу, начальнік аддзела па справах моладзі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта А. Цылько.


І. ПАНЧАНКА,
начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкома.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *