Сустрэча з маладымі спецыялістамі


У 2009 годзе ў наш раён на сваё першае месца працы прыбылі 129 маладых спецыялістаў. 67 з іх закончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы, 51 – сярэднія спецыяльныя і 11 – прафесійна-тэхнічныя вучылішчы. Самае вялікае папаўненне ў аддзеле адукацыі – 44 чалавекі, 30 папоўнілі калектывы сельгаспрадпрыемстваў, 25 – аб’екты прамысловасці.

Адбылася традыцыйная сустрэча маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раёна. А як жа інакш?

Пазнаёміцца з маладымі кадрамі, якія прыехалі на працу ў наш раён у гэтым годзе, расказаць ім аб месцы, дзе пройдуць як мінімум два гады іх жыцця, адказаць на ўзнікшыя пытанні – добрая і карысная справа, якую нельга адмяніць.

Перад пачаткам афіцыйнай часткі сустрэчы, якая прайшла ў зале пасяджэнняў райвыканкома, прадэманстравалі фільм аб раёне. Намеснік старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнка расказаў аб планах на будучае ў развіцці Хойніцкага раёна, будаўніцтве і рэканструкцыі сацыяльна-культурных аб’ектаў, выказаў спадзяванне, што многія з новапрыбыўшых застануцца і надалей жыць і працаваць у нашым раёне.

Аб забеспячэнні маладых спецыялістаў жыллём расказала галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва, ЖКГ і па праблемах ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС райвыканкома Н.У. Родзькіна. Больш за ўсё пытанняў узнікла да спецыяліста аддзела рознічнага бізнесу філіяла № 326 ААТ “ААБ Беларусбанк” Т.Ф. Дрозд: маладых людзей цікавілі магчымасць і ўмовы афармлення спажывецкіх крэдытаў,  крэдытаў для маладых спецыялістаў і на набыццё жылля.

Начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкома І.С. Панчанка паведаміла аб раённых мерапрыемствах, у якіх кожны жадаючы можа прыняць удзел: спартыўных, культурна-масавых, маладзёжных акцыях, якімі насычана жыццё раёна.

Затым для маладых спецыялістаў была арганізавана экскурсія ў музей “Трагедыя Чарнобыля”, аб экспанатах якога расказала яго дырэктар В.А. Гацко, і ў дварцова-паркавы ансамбль вёскі Барысаўшчына, дзе экскурсаводам выступіла дырэктар раённага краязнаўчага музея Святлана Шыпілава (на здымку).

Завяршыўся гэты насычаны для маладых спецыялістаў на інфармацыю і эмоцыі дзень вечарам адпачынку ў кафэ “Сузор’е”.


Ірына НОВІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *