Шчаслівае супадзенне


Што ні гаварыце, а ўсё ж мала каму пашчасціць нарадзіцца 31 снежня. А вось жыхар вёскі Вялікі Бор В.В. Малянок з’явіўся на свет менавіта ў апошні дзень 1959 года і сёння ён адзначыць свой пяцідзесяцігадовы юбілей.

Пра сябе Віктар Васільевіч гаворыць словамі вядомай прымаўкі: дзе нарадзіўся – там і прыгадзіўся. Са сваёй вёскі выязджаў хіба толькі на вучобу ў Рэчыцкі зоаветэрынарны тэхнікум. Доўгі час працаваў ветэрынарным урачом у саўгасе “Велікаборскі”, зараз ён – матарыст-рулявы на выратавальнай станцыі “Ізбынь”. У ладзе і згодзе жыве з жонкай Вольгай Васільеўнай. Вырасцілі двух дзяцей. Дачка Святлана працуе раздатчыцай у інфекцыйным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы, сын Віктар – студэнт Гомельскага чыгуначнага каледжа.

– Свой юбілей, як і Новы год, адзначу ў коле сям’і, – расказаў Віктар Васільевіч. – Мяне ўжо павіншавалі сябры-паляўнічыя, бо я адношу сябе да гэтага клана аматараў прыроды, і таварышы па працы. А ўсім чытачам маёй любімай раённай газеты “Хойніцкія навіны” хачу пажадаць, каб кожны ў новым годзе ажыццявіў сваё самае запаветнае жаданне і  дабіўся намечанай мэты.


Клаўдзія МІКАЛАЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *