Законнасць — вышэй за ўсё


Ніякая сіла не робіць чалавека вялікім і мудрым, як гэта робіць сіла працы – калектыўнай, сяброўскай, свабоднай. У гэтым нельга па-добраму не пазайздросціць калектыву дзяржаўнай натарыяльнай канторы: ён тут зладжаны, і праца, хоць і складаная, але любімая кожным. Забеспячэнне правоў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб, дзяржаўных інтарэсаў шляхам выканання натарыяльных дзеянняў ад імя Рэспублікі Беларусь – асноўная задача натарыята, з якой з лёгкасцю спраўляюцца тры чароўныя жанчыны.

Пасведчанне здзелак, прыняцце мер па абароне спадчыны і кіравання ёю, выдача пасведчанняў аб праве ўласнасці на маёмасць – далёка не ўвесь спіс натарыяльных дзеянняў (статыстыка за 2009 год сведчыць аб здзяйсненні 4229 такіх спраў!).

На працягу 25 гадоў службу загадчыцы натарыяльнай канторы з гонарам нясе В.А. Краўчанка (на здымку ў цэнтры). Мілая, з прыгожай усмешкай жанчына ў справах строгая і прынцыповая. Валянціна Альфрэдаўна пасля заканчэння Маскоўскага ўсесаюзнага юрыдычнага завочнага інстытута засталася працаваць у Хойніках, аб чым не шкадуе. Яна клапатлівая маці, добрая гаспадыня, сапраўдным прызваннем лічыць сваю працу і дабіваецца высокіх вынікаў. Сярод узнагарод, якімі была адзначана Валянціна Альфрэдаўна, – Ганаровыя граматы Міністэрства юстыцыі, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь за добрасумленную працу ў органах натарыята, высокі ўзровень абслугоўвання грамадзян, узорнае выкананне службовых абавязкаў.

З высокім прафесіяналізмам і самааддачай адносяцца да працы і памочніцы галоўнага натарыуса: дзяржаўны натарыус І.Р. Цімошчанка (на здымку ўверсе злева) і справавод Т.В. Сянько (на здымку справа).

Ірына Рыгораўна займае пасаду дзяржаўнага натарыуса адносна нядаўна, з чэрвеня мінулага года, але ўжо паспела зарэкамендаваць сябе як адказны і ініцыятыўны работнік. Зараз яна вучыцца на завочным аддзяленні Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны. Таццяна Васільеўна працуе ў канторы з 2004 года, вучылася ў Гомельскім аграрна-эканамічным каледжы. 

Адметна, што ўсе працуючыя ў натарыяльнай канторы пачэсна выконваюць сваю нялёгкую справу. Бо кожная праца, звязаная з забеспячэннем дзяржаўных інтарэсаў, заўсёды нялёгкая, патрабуе глыбокіх ведаў,  закранае вялікую колькасць  аспектаў. Кожная з жанчын упэўнена, якая падзея б  не адбылася ў іх асабістым жыцці, калегі заўсёды падтрымаюць, дадуць слушную параду. І кожнае свята таксама адзначаюць разам, бо аб’ядноўвае іх не толькі “кабінетнае жыццё”, але і агульныя інтарэсы. Пад дэвізам “Законнасць – вышэй за ўсё!” праходзіць іх працоўны  дзень. Прафесіяналізм, кампетэнтнасць і прынцыповасць, разуменне, сяброўскае плячо – вось складаемыя выніковай працы гэтага калектыву.


Тэкст і фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *