У вялікім і малым


Эканомнае расходаванне цяпла, электраэнергіі, прыроднага газу, вады і іншых рэсурсаў пакуль што не стала нормай жыцця для кожнага чалавека. А між тым бяздумныя адносіны да прыроды наносяць ёй незаменныя страты. І гэта немінуча адаб’ецца на якасці жыцця наступных пакаленняў. Энергазберажэнне застаецца адной з асноўных задач, узнятых на дзяржаўны ўзровень і знаходзячыхся на пастаянным дзяржаўным кантролі. Аб тым, як вырашаюцца пытанні эканоміі і беражлівасці ў ДЭУ-45, размова з энергетыкам арганізацыі І.І. ГУЦАВЫМ.

– Іван Іванавіч, раскажыце, калі ласка, як ажыццяўляецца ў вас планаванне гэтых пытанняў?

– Пытанні эканоміі ў нашай арганізацыі, як і ва ўсёй краіне, з’яўляюцца прыярытэтнымі. Для гэтага штогод распрацоўваюцца спецыяльныя планы мерапрыемстваў па эфектыўнаму выкарыстанню паліўна-энергетычных рэсурсаў, максімальнаму ўзмацненню рэжыму эканоміі і беражлівасці. Заўсёды разлічваем плануемы эфект ад мерапрыемстваў, які вымяраецца не толькі ў тонах умоўнага паліва, а і ў канкрэтных грашовых сродках, якія можна накіраваць на ўзмацненне матэрыяльнай базы арганізацыі, неабходны рамонт і іншае.

– Ці ўсё з запланаванага на мінулы год было выканана?

– Прыемна адзначыць, што мы змаглі забяспечыць даведзеныя паказчыкі па энергазберажэнню па ўсіх 6 пунктах.

На трох вытворчых базах у кацельнях былі праведзены рамонтна-наладачныя работы абсталявання, выпрабаваны катлы. Перыядычна праводзілася ачыстка паверхні нагрэву катлоў і дымаходаў ад нагару, сажы, попелу, пылу. На пабудаванай у 2001 годзе кацельні ўстаноўлены два водагрэйныя катлы КСВ-0,08Т “ЭКО”, якія працуюць на мясцовых відах паліва: дровы таннейшыя. Іх самастойна нарыхтоўваем на паласе адводу дарог. Пры гэтым адзін кубаметр абыходзіцца нам у 9 тысяч рублёў. Таксама можна спальваць торф, пілавінне, трэскі і іншыя драўнінныя адходы.

Рамонт і падрыхтоўка адміністрацыйных і вытворчых будынкаў да ацяпляльнага сезона былі праведзены своечасова. На трох базах адрамантавалі дах, зашклілі вокны, уцяплілі дзверы і вароты, устанавілі зваротныя спружыны. 

У нерабочы час і выхадныя дні абмяжоўваем цепласпажыванне. У перыяд пацяплення пры станоўчых тэмпературах знешняга паветра вышэй +8 градусаў кацельні не працуюць.

У першым квартале мінулага года для ўнутранага асвятлення адміністрацыйна-бытавых і вытворчых корпусаў 50 лямп напальвання магутнасцю 75 Вт былі заменены на энергазберагаючыя магутнасцю 15 Вт. Затраты на закупку лямп, абсталявання склалі 0,8 млн. рублёў. У грашовым эквіваленце эканамічны эфект за год роўны 0,8 млн. рублёў. Можна смела казаць, што затраты апраўдаліся.

На працягу года праводзіліся прафілактычныя, рэгуліровачныя, наладачныя і рамонтныя работы тэхналагічнага абсталявання для паляпшэння рэжымаў работы і павышэння энергаэфектыўнасці.

Рабочыя токі электрарухавікоў помпаў у кацельнях былі адрэгуляваны на намінальныя значэнні, каб не выклікаць перагрэву электрарухавікоў і страт электраэнергіі. У малавыкарыстоўваемых памяшканнях праводзілі адключэнне асвятлення, на 50% зменшылі колькасць святлокропак для асвятлення адміністрацыйна-бытавых карпусоў, гаражоў, майстэрняў.

Агульны эканамічны эфект ад усіх мерапрыемстваў склаў за мінулы год 7,35 тоны ўмоўнага паліва на суму 1,61 мільёна рублёў. Планавае заданне па энергазберажэнню было даведзена мінус 11%. Фактычна ж паказчык па энергазберажэнню склаў мінус 12,3%.

– Акрамя электраэнергіі, на чым яшчэ эканоміце?

– Ва ўсіх трох асноўных корпусах для кантролю расходу вады ўстаноўлены лічыльнікі. Гэта дазваляе пры неабходнасці карэкціраваць расход.

Некалькі гадоў назад у гаражах і для знешняга асвятлення правялі замену ртутных лямп ДРЛ-250 на натрыевыя меншай магутнасці ДНАТ-150.

Для эканоміі паліва загадзя прадумалі маршруты, скарачаем халастыя прабегі аўтатранспарту. Расход нафтапрадуктаў для работы будаўніча-дарожных машын і механізмаў, для параўнання, у 2008 годзе склаў 159,3 тоны, у 2009 – 114,7.

Не забруджваем навакольнае асяроддзе. Рэчыцкая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя рабіла замеры з кацельні, зварачнага паста акумулятарнай. Выкіды ў атмасферу – у межах нормы. Таксама на базе ёсць тры адстойнікі для механічнай ачысткі сцёкавых вод. У гарадскую каналізацыю скідваюцца ачышчаныя сцёкі.

Для таго каб кожны работнік задумваўся над неабходнасцю эканоміі энергарэсурсаў, вывешваем наглядную агітацыйную інфармацыю, праводзім растлумачальныя гутаркі з персаналам.


Запісала Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *