Старанная праца — дастойнае жыццё


Выезд інфармацыйна-прапагандысцкіх груп у працоўныя калектывы раёна практыкуецца не адзін год. Гэты механізм ажыццяўлення ўзаемаадносін, узаемасувязі прадстаўнікоў улады з насельніцтвам пастаянна ўдасканальваецца. Так, у мінулы чацвер інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкома А.В. Бічана справаздачу трымала перад жыхарамі мікрараёна “Юбілейны”. Месцам сустрэчы пасля заканчэння працоўнага дня стала глядзельная зала ГЦКіС “Меліяратар”.

У рамках тэматыкі Адзінага рэспубліканскага дня інфармавання “Прыярытэты сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь у Год якасці” намеснікі старшыні райвыканкома, начальнікі аддзелаў і служб жыццезабеспячэння раёна, аперыруючы лічбамі і фактамі, данеслі сабраўшымся ў зале – а гэта больш за 150 чалавек – інфармацыю аб тым, што атрымалася, якіх паказчыкаў не ўдалося летась дасягнуць і чаму, агучылі задачы, якія стаяць на бягучы год перад уладай і насельніцтвам раёна.

Падводзячы рысу сказанаму, старшыня райвыканкома А.В. Бічан адзначыў, што 2010 год     аб’яўлены ў краіне Годам якасці. Ен з’яўляецца завяршаючым у рэалізацыі пяцігадовай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. І задача кожнага кіраўніка, кожнага працуючага выпусціць якасны тавар, які можна было б выгадна прадаць. Каб не было настрояў і думак: “А мне ўсё роўна, купяць прадукцыю або не”, бо ад гэтага напрамую залежыць рост і своечасовасць выплаты зарплаты. А яна, дарэчы, павінна да канца бягучага года скласці ў народнай гаспадарцы краіны ў сярэднім 500 долараў у эквіваленце. І гэта рэальна. Толькі трэба працаваць не пакладаючы рук, як рабілі гэта нашы продкі. У нашым раёне гэта магчыма, калі мець тэмпы росту прамысловай прадукцыі не даведзеныя 112 працэнтаў, а 150-200 працэнтаў! Ад нас саміх залежаць наш быт, наша зарплата, наша жыццё.

Важнейшым фактарам забеспячэння эканамічнага росту ў 2010 годзе стане далейшае ажыццяўленне палітыкі рэсурсазберажэння, таксама ставіцца задача не зніжаць тэмпы ўводу жылля.

Сапраўдным прарывам летась стала будаўніцтва ў горадзе першага шматпавярховага 40-кватэрнага дома на ўмовах ільготнага крэдытавання маладых сем’яў на 40 гадоў пад 3% гадавых. І гэтая справа не прыпыняецца, сфарміраваны другі кааператыў на будаўніцтва 20-кватэрнага дома, на чарзе – трэці.

Да ведама грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, даведзена інфармацыя, што згодна з заканадаўствам жыхары раёна маюць права будаваць жыллё ў любым населеным пункце свайго раёна.

У ходзе размовы закраналіся розныя пытанні: рамонту лазні   № 2, газіфікацыі, падрыхтоўкі да правядзення Дня беларускай пісьменнасці і інш. Цудоўным завяршэннем сустрэчы была выдатная канцэртная праграма, падрыхтаваная калектывам педагогаў дзіцячай школы мастацтваў.


Ірына ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *