Быць асабіста адказным


Эфектыўная работа з адходамі можа саслужыць добрую службу не толькі ў плане вырашэння галоўнай задачы – клопату аб навакольным асяроддзі, але і ў аздараўленні эканамічнай сітуацыі. Другасныя матэрыяльныя рэсурсы, атрыманыя з адходаў, здольны знізіць залежнасць нашых перапрацоўшчыкаў ад закупляемай за мяжой сыравіны. Чым больш будзе айчынная складаючая, тым ніжэй сабекошт выпускаемай прадукцыі і, адпаведна, кошт яе. Тым больш, што складаючая гэта часта ляжыць пад нагамі, трэба толькі падняць, прывесці ў парадак і ў належным стане паставіць на перапрацоўку. Выгадна  ўсім, хто ўключаны ў гэты ланцужок.

Спецыялісты КЖУП “Хойніцкі камунальнік” значную ўвагу ўдзяляюць эфектыўнаму збору бытавых адходаў усімі магчымымі спосабамі. Расказвае намеснік дырэктара прадпрыемства М.Р. ГУЦ:

– Нашым калектывам пастаянна праводзіцца работа па ўдасканальванню сістэмы абыходжання з адходамі, забяспечваецца санітарная ачыстка горада і вёсак раёна. Прадпрыемствам праводзіцца раздзельны збор цвёрдых бытавых адходаў, каб яны не накапліваліся на міні-палігонах, а па меры магчымасці вывозіліся на перапрацоўчыя прадпрыемствы вобласці і рэспублікі.

У нас, на Гомельшчыне, ёсць ужо станоўчы вопыт работы з адходамі. Набіраюць абароты магутнасці не маючага пакуль аналагаў у краіне эксперыментальнага біяхімічнага завода па здабыванню, сартаванню і дапрацоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў. Што датычыць пластмасы, то яе   навучыліся перапрацоўваць на прадпрыемствах Мінска і Віцебска, выпускаючы карысныя рэчы многіх відаў  для дома, гаспадаркі, будаўніцтва і іншых патрэб. 

З мінулага года ўкараняцца ў вобласці яшчэ адзін напрамак – выкарыстанне шклобою. Пачатак гэтаму быў пакладзены калі на ААТ “Гомельшкло” з другаснай сыравіны пачалі вырабляць каштоўны будаўнічы матэрыял – пенапласт. Забягаючы наперад, хачу сказаць што наша прадпрыемства ў спіску жадаючых паўдзельнічаць у тэндэры на пастаўку сюды шклобою. Макулатуру мяркуем пастаўляць на спецыялізаваныя прадпрыемствы Добруша і Светлагорска.

А для гэтага патрэбна нам нарошчваць аб’ёмы раздзельнага збору і нарыхтоўкі камунальных адходаў. Пэўныя крокі ў вырашэнні гэтай задачы зроблены: на хойніцкім рамонтным заводзе закупілі 90 кантэйнераў. Сродкі на гэта ў суме 35 мільёнаў рублёў выдзеліла рэспубліканскае прадпрыемства “Белрэсурсы”  згодна з дагаворам на пастаўку другаснай сыравіны. Кантэйнеры будуць устаноўлены на спецыяльныя пляцоўкі ў дварах шматпавярховых дамоў і на прадпрыемствах нашага горада – па тры штукі: для збору шкла, паперы і поліэтылену. У горадзе плануецца абсталяваць 30 такіх кантэйнерных пляцовак.

Не скажу, што гэта ноу-хау. Ва ўсім цывілізаваным свеце адходы ідуць у перапрацоўку.  Важным момантам у зборы другасных рэсурсаў з’яўляецца асэнсоўванне гэтай праблемы насельніцтвам. У гэтым увачавідкі пераканаўся, пабываўшы па асабістаму запрашэнню ў Германіі. У гарадку, дзе знаходзіўся, ля кожнага дома стаяць чатыры пакеты для бытавых адходаў. І калі “груз” нехта пераблытае, то гэта пацягне штрафныя санкцыі, сума якіх прапарцыянальна дзеліцца на ўсіх жыхароў вуліцы.

Кожны з нас, спажываючы кансервы, напіткі, іншую прадукцыю, упакаваную ў шкляную тару, у поліэтыленавыя пакеты, ПЭТ-бутэлькі, з’яўляецца вытворцам адходаў. Абсталяваўшы кантэйнерныя пляцоўкі, камунальнікі ў адпаведнасці з арт. 17 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абыходжанні з адходамі” створаць насельніцтву ўмовы для раздзельнага збору. Аднак трэба, каб усе адчулі ўзаемасувязь росту цэн на ўпакаваныя тавары і нашым жаданнем сартаваць адходы, пачынаючы з кухні. Зазначу, што доля ўпакоўкі ў сабекошце прадукцыі дасягае 10-15 працэнтаў. Чым больш адходаў мы збярэм раздзельна, тым менш прадпрыемствам-вытворцам упакоўкі, той жа шклотары, давядзецца закупляць за валюту, як ужо гаварылася вышэй, у блізкім і далёкім замежжы. Пры зніжэнні затрат на тару прадпрыемствы-вытворцы будуць вымушаны зніжаць яе кошт. Значыць, выдаткі тавараправодзячай сеткі ў колькасным выражэнні будуць таксама зніжацца, і кожны з нас атрымае магчымасць купіць у магазіне прадукцыю на 8-10 працэнтаў дзешавей. Ні адзін нарматыўны акт не прымусіць грамадзян сартаваць адходы, пакуль кожны з нас не зразумее, што такая схема выгадна яму.

Але, на жаль, нават там, дзе створаны ўмовы для раздзельнага збору другасных рэсурсаў, нашымі людзьмі гэта не робіцца. Многія працягваюць валіць усё разам, не задумваючыся аб тым, што такім чынам яны абядняюць сябе і іншых. Між тым, хочацца верыць, што культура абыходжання з камунальнымі адходамі сярод жыхароў нашага раёна будзе на належным узроўні.


Запісала Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *