Высокае вогнішча, кветкі і русалкі: дзе ў Віці хавалася Папараць-кветка

Культура

На беразе аднайменнай ракі шырока і гучна адсвяткавалі Купалле.

У кожнай краіне па-свойму адзначаюць сярэдзіну лета. На беларускай зямлі традыцыйна збіраюцца каля вады, водзяць карагоды, запальваюць вогнішча. Кожны сімвал мае сваё значэнне, але агульны сэнс – разам парадавацца цяплу і тым падарункам, якія дае цяпло і зямля.

Хаця ў нашым раёне свята Купалле шырока правялі ў Хойніках, на выхадных гасцей да сябе запрасілі ў вёску Віць. Там работнікі Барысаўшчынскага сельскага Дома культуры пры падтрымцы сельвыканкама арганізавалі не менш урачыстае мерапрыемства па ўсіх традыцыях.

Акрамя мясцовых жыхароў, завіталі і артысты – з Цэнтра культуры г. Хойнікі, а яшчэ з Мазыра – рок-група «Бальза». Іх запрасіў індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр Баранаў.

Спачатку вялікае шэсце прайшло цераз раку, праз святочныя вароты. Гледачоў забаўлялі жартоўнымі конкурсамі і спеўкамі, а затым запрасілі разам пашукаць, дзе ж схавалася Папараць-кветка. Адшукаць яе атрымалася ў хайнічанкі Ірыны Кусковай. Міфічная расліна была хітра захавана ў зялёнай браме, якую паставілі для свята. Згодна з легендай, той, хто завалодае цудам, стане мудрым, а яшчэ будзе разумець мову жывёл.

Дарэчы, яшчэ адну традыцыю ажыццявілі на віцьеўскім Купаллі: спалілі пудзіла, куды заматалі ўсё старое і непатрэбнае. Вядома, незамужнія дзяўчаты на свяце запусцілі па рацэ вянкі, якія загадзя сплялі. Няхай гора ад іх адстане, а сапраўднае каханне – далучыцца.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *