Многія ў летнюю спёку адпачываюць на берагах вадаёмаў, рэк шумнымі кампаніямі і часта са спіртным, што можа прывесці да непрадказальных вынікаў. Так, у мінулыя выхадныя ў Петрыкаўскім раёне на рацэ Прыпяць у час купання ўтапіўся дваццацітрохгадовы жыхар райцэнтра. Малады чалавек быў у стане алкагольнага ап’янення.
Трагічна заканчваецца захапленне многіх грамадзян рыбнай лоўляй. 6 чэрвеня ў Рагачове на рацэ Друць 50-гадовы мясцовы жыхар рыбачыў, кіруючы драўлянай лодкай “Казанкай”. Лодка перакулілася, і ён утапіўся.
Свавольства на вадзе наогул недапушчальна. Толькі з наступленнем пляжнага сезона аб гэтым многія забываюцца.
Небяспечна, калі дзеці днямі бавяць час на рэчцы, асабліва калі няма побач ні бацькоў, ні дарослых. Да прыкладу, у пачатку чэрвеня ў затоцы ракі Днепр на тэрыторыі санаторыя “Прыдняпроўскі” ў Рагачоўскім раёне ў час купання ўтапіўся 9-гадовы хлопчык.
З пачатку года ў вадаёмах Гомельскай вобласці загінула 8 чалавек. За аналагічны перыяд мінулага года было зафіксавана больш за 15 фактаў утапленняў. Толькі за адзін выхадны дзень утапіліся 3 чалавекі. І гэта не канчатковыя вынікі, таму што многія лічацца прапаўшымі без вестак, а праз некаторы час устанаўліваецца сапраўдная прычына знікнення чалавека.
Накіроўваючыся на пляж, будзьце ўважлівымі і асцярожнымі, не пакідайце ў бядзе таго, хто побач.
С. БАРЫСЕНКА,
в.а. начальніка РАУС.