Чысты, як сляза, і салодкі, як мёд — такі на Хойнікшчыне бярозавы сок!

Общество

Нарыхтоўка бярозавага соку ў лясніцтвах раёна ў самым разгары. Кожны дзень вітамінны эліксір пераліваецца ў бідоны, а далей рэалізуецца землякам.

Хапае клопату ў гэтыя дні лесаводам. Як адзначыў ляснік Анатолій Прымачэнка, з адной бярозы за суткі выходзіць 30 літраў соку. Зараз на дзялянцы падвесілі 30 пакетаў. Па меры запаўнення вітамінны «эліксір» забірае машына. Літр каштуе 30 капеек (калі купляць у лясніцтве). Нарыхтоўка працягнецца да таго часу, пакуль будзе ісці рух соку па дрэвах. Пробу снялі! Хочацца і хочацца спрабаваць яго. Асабліва ў спякотны дзень драўляны напітак прыйдзецца на ўра.

Майстар леса Крысціна Бандарэнка таксама падзялілася з журналістам цікавымі ведамі пра сок. Аказваецца, ад надвор’я залежыць смак прыроднага напітку. Калі ідуць дажджы, то ён больш вадзяністы, менш салодкі, а калі надвор’е, як зараз, сонечнае, то ў яго пах больш прыемны, бярозкай пахне і саладзейшы.

Для таго, каб пакет напоўніўся сокам, на дрэве, дыяметр якога павінен быць не менеш за 20 сантыметраў, робіцца адтуліна, куды ўстаўляецца жалабок, па ім сцякае сок. Потым жалабкі здымаюцца, а адтуліны замазваюцца коркамі ці растворам. Усе гэтыя работы выконваюць ляснікі, якія добра разумеюць, як важна не нашкодзіць дрэву, каб яно ў наступным годзе зноў парадавала сокам.

Прызнайцеся, захацелі соку?

 Вікторыя МАРОЗ. 

Фота аўтара.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *