Захапленні хайнічан: самы смачны мёд – хвойнаўскі. Уладзімір Бяляўскі – гаспадар 14 пчаліных хатак

Увлечения хойничан

Цягучы салодкі мёд, шчодра намазаны на акраец хлеба, акутаны водарам палёў… Смаката! Мы прыехалі ў вёску Хвойнае да пенсіянера Уладзіміра Бяляўскага. Мужчына сапраўды ведае, як здабыць натуральны мёд, бо ў яго 14 вулляў.

Пчолы дасталіся ад бацькі ў спадчыну

Раней бацька героя Мікалай Міхайлавіч займаўся пчалярствам. Далей і сыну перайшла гэта «вытворчасць». У пачатку чэрвеня Мікалаевіч здымаў першы ўраджай мёда ў гэтым сезоне. За адну выпампоўку назбіраў каля 20 кілаграм цалебнага прадукту. Дарэчы, толькі аднойчы героя пакусалі пчолы, на світанку кар’еры. Зараз ужо ўспрымаюць за свайго.

Спачатку мёд вадкі

– Калі выкачваеш мёд з сот, ён вадкі. Гэта яго пачатковы стан, – тлумачыць пчаляр. З часам мёд гусцее, адбываецца крышталізацыя. На тое, як хутка мёд будзе крышталізавацца, уплывае якая трава знаходзіцца ў складзе мёда, умовы захоўвання. Чым больш на мёдзе сказваюцца перапады тэмператур, тым хутчэй ён цвярдзее.

Калі цягнецца – добра

Мёд павінен цягнуцца, не перарываючыся. І галоўнае – мець аднолькавы колер. Калі ёсць расслаенне, то ён змешаны з чым-небудзь ці разведзены. Пчаляр ганьбіць тых гаспадароў, якія вараць сіроп з цукру, а затым даюць пчолам, каб яны яго перапрацавалі. Рабіць такое нельга, атрымаецца няправільны мёд (як казаў Вінні-Пух).

Зразумелі? Самы просты спосаб выявіць якасны мёд такі: зачэрпнуць яго лыжкай, падняць яе на паўметра і выліць ласунак у талерку. Калі струя не перарвецца і складзецца горкай – гэта прыкмета якаснага мёда.

Збіраць можна?

Гатовы мёд ці не, зразумець проста. Калі вочкі сот запячатаны так званым «забрусам», то можна ўжо збіраць салодкі пачастунак. Як распавядае субяседнік, забрус – такая сумесь, якую пчолы робяць з пылка і прапалісу. А вось соты складаюцца з ячэек, якія пчолы будуюць з воску. У кожным вочку знаходзіцца адна кропля мёда і трохі пылка. Пчолы выкарыстоўваюць гэтыя соты для кармлення сваіх лічынак і для захоўвання запасаў ежы.

Кожная пчала ведае свой вулей

Калі матка добрая, то пчолы ахвотна працуюць. Дарэчы, кожная пчала ў свой вулей ляціць. Калі спякота моцная – здабыча слабенькая, нектар хутка высыхае. Тэмпература да 25 градусаў для пчол самая меданосная. Прадуктыўнасць насякомых, адзначае гаспадар, больш праяўляецца раніцай. Нектар пчолы носяць з рапсу, ліпы, слівы, канюшыны, дзьмухаўцоў.

Мёд Мікалаевіч дадае ў гарбату ці каву

Прызнаецца, што так выходзіць вельмі смачна. Канешне, клопату з такім захапленнем нямала. Трэба пчол і ад шкоднікаў пазбавіць, і не забыцца на зіму хаткі ўцяпліць. Аднак, герой упэўнены: калі палюбіш пчол – гэта назаўжды. У любым выпадку пчала адорвае па-царску.

Гутарыла Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *