Тутэйшыя: у вёсцы Віць песня ракой цячэ – тут свята ад Міхайла да Каляд

Тутэйшыя

Кожная наша вандроўка па вёсках Хойнікшчыны суправаджаецца яскравымі эмоцыямі. І ўсе – пазітыўныя. Таму што людзі, з якімі пашчасціла там пазнаёміцца, настолькі непаўторныя, шчырыя і гасцінныя – здымаць пра такіх варта сапраўдныя кінастужкі.

Па склаўшайся традыцыі свой шлях мы плануем па падказках старшынь сельвыканкамаў. Вось і на гэты раз патэлефанавалі спачатку да Алены Сташкевіч, якая ўзначальвае Барысаўшчынскі сельвыканкам. Алена Уладзіміраўна параіла пазнаёміцца з ветлівай Марыяй Мікалаеўнай Талюк. Таму рушылі перш-наперш да яе.

Жанчына жыве ў маляўнічым месцы. Нават вуліца мае нейкую турыстычную назву – Набярэжная. Дом, дзе вырасціла з любімым мужам Пятром чацвярых сыноў, налічвае шасты дзесятак гадоў. Побач шмат дрэў, насупраць – поле. Хараство! Хаця і нарадзілася паважаная Марыя Мікалаеўна пасля вайны, заспела страшны голад. Як старэйшая дачка ў сям’і, заўжды берагла смачны кавалачак малодшым. Сёння ў маёй новай знаёмай пяць унукаў і чацвёра праўнукаў. Любімую бабулю ніколі не забываюць. А на Міхайла – прастольнае свята гэтай вёскі – збіраюцца разам. Наша гераіня – самая ўдзячная чытачка раённай газеты, ведае ўсіх журналістаў, цікавіцца падзеямі ў раёне. Ды і як інакш – да пенсіі насіла людзям навіны і лісты, а паштальён на вёсцы – самая інфармаваная персона.

На развітанне жанчына параіла пераехаць на вуліцу Дзядова, каб пазнаёміцца з наступнай тутэйшай – Валянцінай Іванаўнай Судзенка. Залатыя рукі – нават гэтых добрых слоў недастаткова, каб расказаць пра адораную майстрыху! Валянціна Іванаўна з ранняга юнацтва вышывае, ствараючы цудоўныя ўзоры на тканіне. Як сапраўдны мастак, не можа спаць уначы, зноў садзіцца і «малюе» іголачкай. Сваім дзецям перадала пачуццё прыгожага: сыны жанчыны таксама ствараюць неверагодныя вырабы. Сын Аляксандр зрабіў са свайго дома «цукерачку», увечары зараз домаўладанне здалёк бачна з-за соцень ліхтарыкаў, а яго брат Пётр майструе малыя архітэктурныя формы.

А знайшлі мы Валянціну Іванаўну не ў сябе дома, а на імянінах яе «браціхі» – такой жа абаяльнай гаспадыні Алены Іванаўны Мастабай. Нямала гадоў яна была загадчыцай Віцьеўскага сельскага Дома культуры, а як спявала! І сёння можа зацягнуць з сяброўкамі – той жа Валянцінай Судзенка і Марыяй Мастабай – песню пра бярозку. Прыехалі павіншаваць любімую матулю і бабулю са святам яе дзеці, унукі і праўнукі. І мы далучаемся да шчырых слоў. Прыемна ведаць, што і ў Алены Іванаўны сыны – вядомыя ў раёне механізатары, якія штогод шчыруюць на родных палях, дасягаюць значных поспехаў.

Прыемна было пазнаёміцца з такой колькасцю паважаных землякоў. Вядома, гэта толькі маленькая частка жыхароў вялікай вёскі. Спадзяёмся, што у нас будзе яшчэ не адна магчымасць тут пабываць, каб расказаць пра іншых тутэйшых, што не пакінулі родную вёсачку, а працавалі на яе карысць. Таму – не развітваемся!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *